Каржакаваты, са спрацаванымі, у шнарах, дужымі рукамі багатыр – гэта каваль Сяргей Гендзік з аграгарадка Бігосава Верхнядзвінскага раёна.
– Постаццю я ў бабулінага брата Сцяпана, калгаснага каваля. Моцны мужык – непадалёк, у Росіцы жыў, –тлумачыць ён.
А ў выбары прафесіі продкавы гены праявіліся не адразу. Пачынаў Сяргей Уладзіміравіч аператарам станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. Парой яго маладосці гэта было запатрабавана, як зараз камп’ютарныя тэхналогіі. 8 гадоў адпрацаваў на піцерскім заводзе “Ленбудробат”. Пазней падзаробкі заводзілі ў Маскву, Кагалым, Рыгу, аднак адусюль цягнула дадому.
– Я прыроджаны вясковец. У Бігосаве на свет з’явіўся, школу скончыў. Маці жыве, зараз ёй 80 гадоў, а бацькі ўжо няма, – расказвае каваль.
Каб узвесці тут уласнае жыллё ў 1990-я, давялося пашчыраваць на чужых будоўлях. Кавальствам захварэў у Піцеры, калі з віцебскім сябрам-кавалём Алегам Косткам узяліся зрабіць для чарговага дома і аконныя рашоткі. Знайшлі кузню. Яе гаспадар майстраваў камінны набор.
– Давай, кажу, і мне выкуем, толькі разам са мной. Прывёз потым я набор ў Бігосава, паказаў радні – і пачаў будаваць сваю кузню. Калі ёсць мастацкая жылка, то яна праяўляецца ва ўсім, не ўтоіш. Але і перашкод хапала. Памкнуўся стажыравацца ў адной царскасельскай кузні, быў гатовы падлогу падмятаць – не дазволілі, бо ўбачыў бы іх тэхналогію, прыёмы, – шлях да майстэрства ў Сяргея Уладзіміравіча выдаўся няпростым.
Кавалі сваімі напрацоўкамі не надта дзеляцца: маўляў, мы на граблі наступалі, і ты наступай – карысна для справы. Нездарма ж старая прыказка заўважае: не прасі ў пекара дражджэй, а ў каваля вуголляў. Толькі славуты глыбачанін Аляксандр Дубіна не таіў прафесійных сакрэтаў. Пра гэтага таленавітага чалавека ў Сяргея Гендзіка засталіся светлыя згадкі. Апрацоўваць метал вучыў Алег Костка.
– Я такі ж: прыходзь, растлумачу, што і як раблю. Рады, калі ёсць з кім пагутарыць наконт нашага рамяства, падзяліцца напрацоўкамі, абмеркаваць праблемы. У інтэрнэце процьма інфармацыі, і станкі можна падгледзець, і тэхналогіі. Але калі разам з майстрам выштукуеш якую дэталь, гэта запомняць і галава, і рукі, – працягвае расповед каваль.
Дом ён збудаваў сваімі рукамі “знізу даверху”. Кажа, ёсць дзе старэць з жонкай Алёнушкай. Яна ў мясцовай школе выкладае фізкультуру, галоўны крытык і дарадчык свайго каваля. А сыны разляцеліся з дому. Старэйшы – аўтарамонтнік, жанаты, малодшы вучыцца ў акадэміі авіяцыі.
– Калі яны звярталіся са сваімі хлапечымі просьбамі (веласіпед сябру падрамантаваць ці яшчэ што), – спачатку дапамагаў, а потым сказаў: спрабуйце самі. Шмат чаму карыснаму навучыліся ў кузні, ужо не прападуць па жыцці, – задаволены бацька.
Кавальскі “рэпертуар” Сяргея Гендзіка багаты – па яго словах, ад ”а” да “я”. Нават вытанчаная ружа ў падарунак жонцы даўно ўжо “не піск” для яго кваліфікацыі. Напрыклад, у Росіцкім касцёле гэта крыжы, брама, ручкі.
– Вобразы мастацкіх рэчаў нараджаюцца на паперы. Самае складанае – працаваць у абмежаванай прасторы. Зазвычай у дамах мала месца пакідаецца для лесвіц. Вінтавыя трэба разлічваць вельмі дакладна, каб трывала было і гарманічна. Зараз раблю такую для свайго дома. Ступені – з ясеню, які трапіўся на дровы, а метал куплёны, – паказвае майстра.
Сярод зробленага Сяргеем Гендзікам аднолькавых вырабаў няма. Шэраг вывозіў на “Славянскі базар ў Віцебску”, выставы ў Верхнядзвінску, Дзень пісьменства ў Глыбокім.
На збіранне і рамонт самавараў каваля падсадзіў сват, які жыве ў Гродна, а летам прыязджае сюды, на радзіму. Нават ламаныя, бітыя, яны сталі рэдкасцю. Кожны па-свойму задуманы, аздоблены, і трэба дайсці ўласным розумам, каб распаяць, злудзіць “як было”, гэта значыць, дзедаўскімі метадамі.
– Прыгожая карціна, калі выносім самавары ў двор. Трэшчынкі, умяціны ліквідуеш, пачысціш – і любуешся. Іншым разам з трох збяром адзін. Вельмі цікавы занятак. На сядзібе ёсць і старыя гадзіннікі, прасы, ручнога вырабу накавальні, ціскі – гістарычны дапаможнік для мяне, – працягвае расповед Сяргей Гендзік.
А “проза” – каму плуг падправіць, каму брамку прыварыць ці жалязяку якую разрэзаць. Наколькі запатрабавана сёння кавальства ў такім населеным пункце, як Бігосава?
– Працы меншае, бо людзям не да раскошы. А мне хочацца ствараць вартасныя, прыгожыя рэчы з якасных матэрыялаў. Калі метал і фарбы танныя – адпаведным атрымаецца і выраб. Мара-жарт: хачу выкаваць жаночы пояс вернасці. У адным часопісе бачыў. Ён павінен быць максімальна зручным і вельмі прыгожым, – ад сур’ёзнага да смешнага ў гэтага 50-гадовага бігосаўскага каваля адзін крок.
Фота Антона Сцепанішчава.