Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Ретроспектива

Віцебскі каток у 60-я: спартакіяда сярод канькабежцаў-аматараў і хакей з мячом

Здымак віцебскага фатографа Эдуарда Паляка пераносіць нас у 1966-ы, калі яшчэ замест «сіняга» стаяў даволі элегантны белы дом (1), а таксама існавала паўднёвая забудова (2) плошчы Свабоды. Дарэчы, за пяцьдзясят гадоў дрэвы па ўскрайках Духаўскага рова выраслі так, што не дазваляюць паўтарыць ракурс сучаснаму майстру, які быў вымушаны значна павярнуць камеру ўправа.

На пярэднім плане галоўная спартыўная пляцоўка тагачаснага Віцебска, якая зімой служыла канькабежцам і аматарам гульні ў хакей з мячом, а летам – футбалістам і валейбалістам.

Спорт для ўсіх

Эдуард Паляк зафіксаваў момант спаборніцтваў па бегу на каньках, за якімі назіраюць даволі шмат гледачоў. Зімой 1966-га газета «Віцебскі рабочы» пісала пра тры такія турніры.

У нататцы «Звіняць канькі» ў нумары за 8 студзеня паведамлялася, што на лёд выйшлі 38 прадстаўнікоў прадпрыемстваў. Яны разыгрывалі прызы на дыстанцыях 500 і 1500 м (жанчыны) і 500 і 3000 м (мужчыны). У абедзвюх дысцыплінах перамаглі работніца дывановага камбіната (ААТ «Віцебскія дываны») Людміла Блахіна і слесар вытворчасці №2 станкааб’яднання Аляксандр Антоненка. Наступным днём наймацнейшага на дыстанцыі 500 м выяўлялі 60 школьнікаў. Тут першымі сталі Ніна Тарбенка (СШ №2) і Міхаіл Баранаў (СШ №19).

У нядзелю, 23 студзеня, адкрылася ІІ зімовая абласная спартакіяда калектываў фізкультуры і раёнаў. «Стройнымі радамі калона фізкультурнікаў прайшла з парку імя Фрунзе на гарадскі каток, што па вуліцы Леніна, – пісала газета. – Член штаба спартакіяды М. І. Моцны аддае рапарт загадчыку аддзела абласнога камітэта партыі У. П. Каваленку.

Ад імя партыйных і савецкіх органаў т. Каваленка горача вітае фізкультурнікаў з вялікім святам і жадае ім выдатных спартыўных дасягненняў. Пад гукі гімна СССР пераможцы мінулых абласных спаборніцтваў узнімаюць флаг спартакіяды».

Тут неабходна дадаць, што спаборніцтвы адбываліся па лыжных гонках, бегу на каньках, біятлоне, хакеі з шайбай, слаламе і праходзілі некалькі дзён.

Напрыклад, хакеісты праводзілі турнір на стадыёне «Дынама» (зараз ЦСК). А лыжнікі стартавалі на трасе, пракладзенай каля саўгаса «Сялюты» (аграгарадок Акцябрская). Яны рабілі забег нават на марафонскую дыстанцыю 50 км, на ёй перамог ганаровы майстар спорту СССР Уладзімір Барадзей з Віцебска, які прадстаўляў добраахвотнае спартыўнае таварыства «Спартак».

Тым часам сярод канькабежцаў-аматараў на дыстанцыях 500 і 3000 м перамог Арнольд Жураўскі з Віцебска. У жанчын паўкіламетра хутчэй за ўсіх прабегла Валянціна Маршавіна з Аршаншчыны, а Людміла Закрэўская (Віцебскі раён) была лепшай на 1500 м. У камандным заліку прызёрамі сталі Віцебскі, Аршанскі і Міёрскі раёны.

Асаблівую цікавасць гледачоў выклікала выступленне на спартакіядзе паўпрафесіяналаў, якія прадстаўлялі спартыўныя таварыствы і спаборнічалі на пяці дыстанцыях. Усё золата ўзяла майстар спорту СССР Тамара Сталбова («Лакаматыў»). Яе аднаклубнік Віктар Хаміноў саступіў першае месца толькі на 500 м Уладзіміру Буткевічу («Дынама»).

Напрыканцы лютага адбыўся чэмпіянат Віцебска па каньках. Газета паведамляла: «У адсутнасці майстроў спорту Тамары Сталбовай і Віктара Хамінова маладыя адчувалі сябе вальней». У мужчын абсалютным чэмпіёнам стаў вышэйзгаданы Аляксандр Антоненка, сярод жанчын – Таццяна Ільіна (трэст №9). Каманднае першынство ўзялі прадстаўнікі дывановага камбіната.

Канькі навыраст

Каток працаваў да позняга вечара і з’яўляўся месцам збору моладзі цэнтральнай часткі Віцебска. Паводле ўспамінаў старажылаў, уваход быў платны. Але прайсці можна было і за так – кожны падшыванец ведаў сваю дзірку ў агароджы (3).

Канькі з’яўляліся дэфіцытам і перадаваліся ў сям’і ад старэйшых малодшым, якім часам даводзілася дадаткова надзяваць па дзве-тры пары шкарпэтак, каб занадта вялікія бацінкі не звальваліся з ног.

На катку часам кралі абутак, таму кампаніі падлеткаў пакідалі ля састаўленых валёнак вартаўніка, якога потым нехта падмяняў. У 1950 – 1960-х катанне суправаджалася музыкальным рэпертуарам таго часу. Гучалі песні «Ландыши», «Мишка-Мишка, где твоя улыбка», «Мне бесконечно жаль» і г. д.

Пасля катка можна было перабегчы вуліцу і купіць піражок у кропцы грамадскага харчавання, размешчанай на першым паверсе дома, пазначанага пад нумарам 1.

Страсці па футболе

У тыя гады самымі народнымі відамі спорту былі футбол і хакей з мячом. На кожным буйным прадпрыемстве абавязкова існавала свая каманда, а то і дзве-тры, якія рэгулярна праводзілі спаборніцтвы. Прычым амаль усе гульцы былі ўніверсаламі: летам ганялі мяч нагамі, зімой – клюшкай. Як расказаў Сямён Дынкін, які з пачатку 1960-х асвятляў у прэсе Віцебска спартыўныя падзеі, матчы збіралі шмат гледачоў.

Страсці кіпелі як на полі, так і па-за яго межамі. Аднойчы футбольнаму суддзі пасля матчу прыйшлося нават даць драпака ад заўзятараў, якія былі не згодныя з яго рашэннем.

У канцы 1970-х абласным аб’яднаннем прафсаюзаў быў зроблены праект па будаўніцтве ў Духаўскім рове чыста футбольнага стадыёна. Ён быў дастаткова танным, бо чашу арэны стварыла сама прырода, і на абсталяванне тых жа трыбун спатрэбілася б мінімум сродкаў. Але праект не знайшоў падтрымкі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ