Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Здоровье

Браслаўская цэнтральная райбальніца прызнана адной з лепшых у вобласці па выніках медыцынскай акрэдытацыі

Мінулы год стаў плённым для калектыву Браслаўскай цэнтральнай райбальніцы. Зроблены чарговы крок па ўмацаванні матэрыяльнай базы ўстановы, асвоены новыя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння шэрагу захворванняў, палепшаны ўмовы для пацыентаў і медперсаналу.

Падчас выніковага пасяджэння прафкама Браслаўскай райбальніцы яго старшыня Аксана Радзько адзначыла, што да поспехаў калектыву прафсаюзная арганізацыя мае непасрэднае дачыненне: практычна ўсе работнікі – члены прафесіянальнага саюза. У тым ліку галоўны ўрач Аляксандр Макарэвіч, які некалі сам узначальваў прафсаюзную арганізацыю. Ён і сёння пасля дзясятка гадоў адміністрацыйнай работы цэніць ініцыятыву падначаленых, заахвочвае. Таму не дзіўна, што па ўсіх напрамках калектыў медыкаў дэманструе рух наперад. Шэсць работнікаў бальніцы ў розныя гады станавіліся лаўрэатамі прэміі «Чалавек года Віцебшчыны». Летась яе ўдастоены загадчык неўралагічнага аддзялення райбальніцы Ігар Козел.

Бальніца прызнана адной з лепшых у вобласці па выніках медыцынскай акрэдытацыі. Атрыманы пасведчанні па профілях «Хірургія», «Анестэзіялогія і рэаніматалогія», «Акушэрства і гінекалогія», «Родадапамога».

Адкрыта новая лапараскапічная аперацыйная, працягвала пералік Аксана Чаславаўна. На базе міжраённага хірургічнага аддзялення асвоены малаінвазіўныя аперацыі пры захворваннях органаў брушной поласці і малога таза. На 10 ложкаў пабольшана неўралагічнае аддзяленне, тут цяпер лечаць нават пацыентаў з бліжэйшых раёнаў, якія перанеслі інсульт.

Укаранёны электронныя медыцынскія карты амбулаторнага і стацыянарнага пацыента. Праведзены комплекс мерапрыемстваў, якія дазволілі істотна скараціць спажыванне электраэнергіі.

Прафесіянальныя і творчыя конкурсы для работнікаў і іх дзяцей, экскурсіі па Беларусі, забаўляльныя мерапрыемствы — усім гэтым напоўнена жыццё прафсаюзнай арганізацыі.

Гэтым пералікам развіцця медыцынскай дапамогі старшыня прафкама Аксана Радзько аргументавала і рост грамадзянскай актыўнасці медыкаў. Калектыў пастаянна дэманструе палітычную сталасць удзелам у патрыятычных акцыях, справах па ўшанаванні ветэранаў, добраўпарадкаванні месц пахавання загінулых. Каманда медыкаў была актыўнай удзельніцай патрыятычных велапрабегаў, акцый «Патрыёты Беларусі», «Сімвал адзінства». Прычым гісторыю краіны і народа імкнуцца захаваць у самых розных формах. Так, быў задуманы і ажыццёўлены праект па адраджэнні касцюма медыка ў розныя эпохі – ад Сярэднявечча да нашых дзён. Патрэбныя звесткі шукалі ў гістарычных выданнях, апісаннях навукоўцаў. У выніку нарадзілася калекцыя спецвопраткі, якую браслаўскія медыкі прадэманстравалі на самых розных мерапрыемствах.

У Браслаўскай ЦРБ вельмі развіты інстытут настаўніцтва: кожнаму маладому спецыялісту асвоіцца ў калектыве, у прафесіі дапамагаюць вопытныя работнікі. Існуе даўняя традыцыя ў адзін дзень шанаваць ветэранаў і прымаць у калектыў маладых, тут клапоцяцца пра жыллё для іх. За апошнія два гады выдзелілі сем кватэр. Прафсаюз матэрыяльна заахвочвае тых, хто імкнецца да прафесіянальнага росту, выступае арганізатарам мерапрыемстваў. Па яго ініцыятыве і з улікам сабраных узносаў летась у паліклініцы абсталявалі камфорт­ны пакой для адпачынку.

Вакол пляцовак медыкаў на розных святах і фестывалях заўсёды весела і людна. На «Браслаўскіх зарніцах» яны вучылі аказваць першую дапамогу. Сур’ёзную праграму насыцілі жартоўнымі элементамі, што рабіла «ўрокі» вясёлымі. Іх юшка ды дранікі, конкурсы выпечкі ды сервіроўкі святочнага стала не раз уражвалі браслаўчан. Напярэдадні навагодніх свят яны чарадой хадзілі ў бальніцу і паліклініку не столькі за здароўем, колькі палюбавацца на навагодняе афармленне кабінетаў, калідораў, фае, сфатаграфавацца на лавачцы ў скверыку сярод прыгожых ялін.Там, дзе патрабуюцца палёт фантазіі, выдумкі, пачуццё гумару, няма роўных медыкам.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ