Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экономика

«Маяк Браслаўскі» не саступае лідарства ў вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі

З першага года ўтварэння і па сённяшні дзень сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Маяк Браслаўскі”, бадай, ніколі не саступаў лідарства ў вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Пры бале пашні ў 26,4 і сярэдняй контурнасці палёў у 8 га тут стабільна збіраюць самыя высокія на Браслаўшчыне ўраджаі сельскагаспадарчых культур, маюць лепшыя надоі і прывагі. Гаспадарка і яе прадстаўнікі пастаянна сярод лідараў абласнога спаборніцтва.

Старшыня гаспадаркі Рамуальд Шукель з гэтай нагоды падкрэслівае, што калектыў – адна каманда, дзе кожны на сваім рабочым месцы робіць усё належным чынам. Адсюль і вынік.

У СВК сапраўды няма “летуноў”. Дзясяткамі гадоў вымяраецца стаж у гаспадарцы спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў. Разам з тым знаходзіцца месца маладым кадрам. 33 гады таму маладзенькім аграномам прыйшла сюды і Валянціна Таўкінь, пад наглядам старэйшых прайшла працоўную падрыхтоўку і вось ужо 20 гадоў узначальвае раслінаводчую галіну. У тоўстых журналах і сшытках, якія захоўвае ў рабочым стале, сабраны аналіз вынікаў работы галіны за ўвесь гэты час. Асноўныя паказчыкі за апошнія дзевяць пастаянна перад яе вачамі і на стале старшыні СВК.  Звяраючы лічбы, іх рост ці змяншэнне, кожны робіць выснову, што і дзе патрабуе змен.

-- Каб збіраць на нашых землях па 30 цэнтнераў з гектара збажыны, трэба не толькі добра папрацаваць, але і ўкласці ва ўрадлівасць, -- адзначыла Валянціна Віктараўна. — Мы дзясяткі гадоў багата запраўлялі яе арганікай і мінеральнымі ўгнаеннямі, і цяпер, як кажуць, здымаем плады. Сёлета сабралі на круг па 32,3 цэнтнера, а ўсяго намалацілі 14108 тон, апошнія чатыры гады на тысячу і больш тон дабаўляем валавы збор збажыны. Можна было б, магчыма, і больш. Але, як і многім іншым, не хапае свабодных сродкаў на пакупку патрэбнай колькасці мінеральных угнаенняў.

Без азоту цяжка атрымаць высокі ўраджай збожжавых, лічыць аграном. Мінулай вясной змаглі двойчы падкарміць азімыя і адразу ўбачылі, як расліны адгукнуліся на сілкаванне, акрэплі, даліся ў рост, адплацілі ўраджаем. Пшаніца дала на круг па 35,5 ц, трыцікале – 36,2 ц/га.

Горш, але не катастрафічна, урадзіліся яравыя. У сярэднім іх сабралі з гектара па 27,8 ц. Уніз пацягнуў ячмень, якому не падыходзяць маякоўскія землі, і плошчы пад ім гаспадарка збіраецца змяншаць. Спецыялісты пераглядаюць састаў камбікорму для свіней і буйной рагатай жывелы, змяншаюць у ім долю ячменю і павялічваюць кукурузы. Каралева палёў традыцыйна дае высокі ўраджай зерня і зялёнай масы. Сёлета, па прыкідцы Валянціны Віктараўны, збяруць не менш чым па 70 ц/га зерня. 150 га з 380 пакінутых на яго праз тыдзень, лічыць яна, можна будзе ўбіраць. Паўмесяца назад кукуруза была ў стадыі пачатку воскавай спеласці.

Праўда, робіць агаворку аграном, гэта папярэднія лічбы, карэктывы ў іх могуць унесці дзікі, папуляцыя якіх аднаўляецца ў раёне. Ужо ёсць палі, прызначаныя для закладвання на сілас, дзе дзікая жывёла папасвілася і мінімум на 100 ц зменшыла аб’ём зялёнай масы. Каб зменшыць страты, гаспадарка паскорыла ўборку культуры.

Кармы зімой на вагу золата. “Маяк Браслаўскі” назапашвае традыцыйна іх паўтатарагадовы запас. Страхуе не толькі сябе, але і іншых. Патрэбную колькасць для ўласных патрэб мелі ўжо ў сярэдзіне ліпеня. У ямах ляжала 19 тыс. т сенажу, 154 т загарнулі ў плёнку, паклалі пад дах тысячу тон сена, 200 т назапасілі для насельніцтва. Акрамя травяністых кармоў, дастаткова фуражу для свінагадоўчага комплексу і МТФ.

Не будзе сельгаспрадпрыемства купляць і шрот. Рапсу намалацілі 1443 т. Добра ўрадзіўся азімы, на асобных участках збіралі па 32-34 ц з гектара. Яравога атрымалі толькі па 16,6 ц/га. Але акрамя дзяржзаказу тысячу тон прадалі ўжо іншым спажыўцам, атрымалі мільён рублёў, якія, як і выручка ад рэалізацыі насення траў, пойдуць на закупку сродкаў аховы раслін новага ўраджаю.

Насенне траў – яшчэ адна крыніца даходаў гаспадаркі. Сёлета, як ніколі, іх набралі 350 тон, частку чысцяць на сваёй сушыльнай гаспадарцы, 106 тон адправілі на дапрацоўку “Віцебскаму насенню траў”. Попыт на аўсяніцу лугавую, канарэечнік, фестулоліум, райграс пашавы, канюшыну розных тэрмінаў паспявання высокі. Фестулоліум сёння ў трэндзе: пры рэгулярным падкашванні трава хутка адрастае, дае высокую ўраджайнасць насення. У “Маяку Браслаўскім” яго намалацілі па 19,6 ц з га.

Добры ўраджай сельскагаспадарчых культур – вынік стараннай працы многіх людзей, хто прама ці ўскосна меў да яго дачыненне. Таму “Дажынкі” ў “Маяку Браслаўскім” – свята ўсяго калектыву. Хоць  найбольшая слава і прызнанне традыцыйна выпадае камбайнерам. У СВК пра ўсіх іх адгукаюцца з павагай. Маўляў, ніводзін з сямнаццаці не падвёў падчас жніва. А яно, па словах механізатараў, сёлета было спрыяльнымі па надвор’і, падрыхтаванасці тэхнікі, арганізацыі работ. Віктар Вайтанец, Антон Вайтанец, Валерый Анісімаў сталі першымі тысячнікамі ў раёне, а вадзіцелі Сямён Данілаў, Валерый Пяткун і Алег Мацук адвезлі амаль па 2 тыс.т зерня ад камбайнаў.

-- На ўборцы збожжавых і зернебабовых было занята прыкладна 40 чалавек, -- паведаміла Валянціна Таўкінь. – Многія з іх былі задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы мінулай восенню і сёлетняй вясной, непасрэдна на сяўбе і доглядзе за культурамі. Таму не толькі ўбіралі ўраджай, а бралі непасрэдны ўдзел у яго вырошчванні. Прычым нагрузка на кожнага механізатара з года ў год расце. Плошча “Маяка Браслаўскага” павялічылася за апошнія гады амаль на 2 тыс. га толькі пашняй. Далучаныя землі патрабуюць большага клопату і ўвагі. Гэтым і заняты цяпер усе. Каб мець арганіку ў далёкаўскай зоне, пачалі там аднаўленне ферм з утрыманнем жывёлы на глыбокай посцілцы. Падбіраюць для тых палёў аптымальныя для іх характарыстык гатункі збожжавых і зернебабовых культур.

Дарэчы, Валянціна Таўкінь рэгулярна займаецца гатункаабнаўленнем. Не ганьбячы беларускія, усё ж аддае перавагу насенню польскай і нямецкай селекцыі. “Патрас”, “сукцэс”, “маркіза”, якія культывіруе гаспадарка, далі ад 38 да 49 ц зерня з гектара. “Квінтус”, якога на спробу пасеялі 24 га, даў па 57 цэнтнераў, а “ядвіся” толькі 29-ць.

Фарміруючы азімы клін, аграном дзеліць яго напалавіну: 50% пшаніцы, 50 – трыцікале. Гаспадарка набыла 5 т суперэліты і 25 т эліты насення перспектыўных гатункаў. У пагодлівыя дні механізатары кладуць насенне на плошчы да 100 га. Таму пасяўную, як ўсе мінулыя гады, тут плануюць правесці ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ і з архіва гаспадаркі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ