Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экономика

СУП «Мнюта» мае самую высокую ўраджайнасць на Глыбоччыне

У раённай зводцы па тэмпах уборкі на Глыбоччыне СУП «Мнюта» не ўваходзіць у лік лідараў, затое мае самую высокую ўраджайнасць. Па намалоце з гектара астатнія гаспадаркі далёка адстаюць ад яго. На круг тут малацілі больш чым па 40 цэнтнераў і першымі ўбралі не азімыя, а яравы ячмень, які ўрадзіў па сёлетнім годзе на дзіва добра. З гектара ў сярэднім узялі амаль па 49 ц. 

– Сёлета так склалася, што яравы ячмень паспеў першым, – тлумачыць галоўны аграном Аляксандр Захарчонак. – Яго сеялі вельмі рана – у канцы сакавіка – пачатку красавіка. Усходам яшчэ хапіла вільгаці, каб набраць сілы. Праўда, сцябло вырасла невысокім, а вось колас важкім. Патрабаваўся нізкі зрэз, таму набраць хуткасці камбайнеры не маглі. Убіралі спакойна, каб і тэхніку не паламаць і страт збажыны не дапусціць.

Услед за ячменем «падышоў» гарох, што зноў унесла папраўкі ў планы. Ён таксама быў невысокі, і жнівеньскія дажджы пагражалі пакласці расліны на зямлю. Вырашылі хуценька абмалаціць бабовую культуру, якая стане добрай дабаўкай для абагачэння рацыёну жывёле. 30 цэнтнераў з гектара па сёлетніх умовах таксама неблагі ўраджай.

Цяпер камбайнеры пера-ехалі на азімую пшаніцу. На полі амаль у 100 га, падкрэслівае галоўны аграном, яны павінны ўбіраць цяпер збажыну. І сапраўды, на пагорак «выплыў» адзін чырвоны гігант, у лажбінцы рухаўся другі, трэцяя машына выруліла з-пад дальняга канца поля. Камбайны сышліся. Да аднаго адразу пад’ехала машына і стала пад разгрузку. Сваёй чаргі чакалі яшчэ чатыры. Плячо адвозкі больш за 10 км, і, каб не здарылася прастою ўборачнай тэхнікі, да камбайнаў прымацавалі пяць аўто. Кіраўнік аграрнай галіны пахваліў кожнага вадзіцеля. Маўляў, працуюць спраўна, уборка – гэта высокія заробкі, і прастойваць на рамонце ніхто не хоча. Калі ўзнікае праблема, рамантуюць сваю тэхніку пасля заканчэння ці да пачатку рабочага дня. А вось на Яўгена Кучынскага звярнуў асаблівую ўвагу.

– Малады, вельмі старанны, – характарызуе Аляксандр Захарчонак вадзіцеля. – Яго партрэт на раённай Дошцы гонару. Нейкі час быў дальнабойнікам. Тры гады назад вярнуўся ў гаспадарку, працуе шчыра, у гэтым калектыве вадзіцеляў за старэйшага.

Старэйшы быў і сярод камбайнераў. Абавязкі брыгадзіра кіраўніцтва гаспадаркі ўсклала на Алега Шынкевіча. Сёлетняя ўборачная кампанія ў яго шаснаццатая. Не было таго года, каб не станавіўся тысячнікам. Нават тады, калі ўбіраў на самым старым у гаспадарцы камбайне. Тры гады назад атрымаў новы. І сёлета – лідар жніва.

Разам з Алегам Шынкевічам убіралі азімую пшаніцу Аляксандр Гаравы, таксама вопытны механізатар, і малады камбайнер Андрэй Зайцаў.

– І пшаніца добрая, – амаль у адзін голас сказалі працаўнікі. – Гэта поле не лепшае, але прыкідваем, што па 32 – 35 ц з гектара дае. Убраць яго поўнасцю плануем сёння. У нас дажджу не было, туча пайшла бокам.

Сёлета так склалася, што яравы ячмень паспеў першым. Яго сеялі вельмі рана — у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Усходам яшчэ хапіла вільгаці, каб набраць сілы. Праўда, сцябло вырасла невысокім, а вось колас важкім. Патрабаваўся нізкі зрэз, таму набраць хуткасці камбайнеры не маглі. 

Падчас жніва камбайнеры негаваркія. Дух саперніцтва ды заробак стымулююць прадукцыйнасць працы. Мае субяседнікі таксама спяшаліся закончыць размову. Сказалі, што кормяць добра, адвозяць збожжа спраўна, і паспяшаліся вярнуцца да работы.

За іх пра арганізацыю жніва расказала намеснік дырэктара па вытворчасці СУП «Мнюта» Жанна Шынкевіч, якая таксама прыехала да камбайнераў.

– У першапачатковы план прыйшлося ўнесці карэктывы, скаардынаваць работы згодна сітуацыі, – гаворыць намеснік дырэктара. – Убіраць па ходу паспявання культур, малаціць пад магчымасці сушылак, пад план здачы дзяржзаказу, арганізоўваць работу так, каб не ўтваралася лішніх аперацый. Заедзем на збожжаток, паглядзім, якія запасы там на пляцоўцы.

Вялікіх не было. Пад’язджалі і разгружаліся машыны.

– За суткі можам перасушыць да 300 тон зерня, – тлумачыць аператар, ён жа брыгадзір паляводчай брыгады Уладзімір Ананка. – Працуем кругласутачна. Спраўляемся.

– Уладзімір Паўлавіч – майстар на ўсе рукі, – адзначае Жанна Шынкевіч. – І такіх у нас работнікаў многа. На іх і трымаецца вытворчасць як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Жніву, вядома, цяпер асноўная ўвага. Але паралельна з ім не спыняем нарыхтоўку кармоў. Без травяністых і з добрым запасам фуражу (а гаспадарка мае 400 т збожжа мінулагодняга ўраджаю) высокіх прываг і надояў не атрымаеш. Статак жа ў гаспадарцы вялікі, шчыльнасць буйной рагатай жывёлы і кароў на 100 га сельгасугоддзяў адна з самых высокіх. Маем 3 тысячы галоў БРЖ, з іх больш за тысячу кароў. А малако, як вядома, стабільная крыніца даходаў. Цяпер доім ад каровы ў сярэднім па 15 літраў, на рабатызаванай ферме – па 24,2. Таму адначасова з уборкай збожжавых імкнёмся ўзяць ураджай траў другога ўкосу. Ён абяцае быць лепшым за першы.

Яшчэ не восень, а работ у працаўнікоў вёскі куды больш за восем. Набліжаецца пара азімай сяўбы. І тут нельга ўпусціць часу. Таму на адным полі яшчэ ўбіраюць збожжавыя і зернебабовыя, на другім – узорваюць глебу, рыхтуюць  для пасеву рапсу. У хлебаробаў напружаны рытм жыцця яшчэ ў зеніце.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ