Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экономика

Васіль Краснік упэўненай рукой трымае штурвал адной з найбольш эфектыўных гаспадарак Верхнядзвінскага раёна

Калектыў ААТ «Прудзінкі» Верхнядзвінскага раёна трывала стаіць на нагах, і гэта радуе кіраўніка Васіля Красніка, прымушае думаць пра далейшае развіццё сельгаспрадпрыемства. У сваіх разважаннях раз-пораз вяртаецца да пачутага на Усебеларускім народным сходзе, дэлегатам якога быў у трэці раз.

-Ведаеце, – сказаў Васіль Краснік пры размове, калі прыехала да яго, каб распытаць пра асабістыя ўражанні ад усенароднага веча, – больш усяго парадаваў дух адзінства, які панаваў на сходзе, жаданне людзей працаваць, здзяйсняць планы, якія былі акрэслены. Азіраючыся назад, параўноўваю жыццё, працу вяскоўца дзесяць год таму і сёння. Думаю, што нам, сялянам, трэба яшчэ зрабіць, каб моладзь не пакідала вёску. Жыллё будуем, у Прудзінкі і Валынцы падвялі прыродны газ, летась адкрылі кафэ, зарплата немаленькая. За мінулы год у сярэднім склала амаль 900 рублёў, выплачваем яе без затрымак. Пазбавілі работнікаў і клопату пра вырошчванне бульбы, збажыны. Іх агароды ў севазвароце гаспадаркі, гатовы ўраджай дастаўляецца ў двары. Аднаго пакуль не можам забяспечыць: каб рабочы дзень укладаўся ў графік з 8 да 17 гадзін. Спецыфіка сельскагаспадарчай вытворчасці патрабуе быць на рабочым месцы і ў 5 гадзін раніцы, і закончыць рабочы дзень, калі спатрэбіцца, у 9 вечара. Калі малады чалавек не разумее гэтага, навошта выбірае прафесію агранома ці заатэхніка, інжынера ці вет­урача? За свае гады дырэктарства (35 гадоў. — Заўв. аўт.) пабачыў шмат маладых спецыялістаў, якія не змаглі прыжыцца на зямлі.

Васіль Краснік упэўненай рукой трымае штурвал адной з найбольш эфектыўных гаспадарак Верхнядзвіншчыны. Тут збіраюць высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур. Летась на круг атрымалася па 41 цэнтнеру збажыны. А было і па 45, і па 51. Ячмень, які ў мінулым годзе паўсюдна ўрадзіў не вельмі, у «Прудзінках» даў у сярэднім па 54 ц з гектара, а на лепшых участках было і па 62 ц.

 Гаспадарка мае насенняводчы накірунак. Вырошчвае для сябе і іншых насенне класу «эліта» і першай рэпрадукцыі. Гэтай вясной гатова прадаць 450 тон якаснага насення тым, хто мае ў ім патрэбу.

– Каб даіць па 6 тысяч кг малака ад каровы, трэба і збажыны мець па 60 ц з гектара, – падкрэсліў Васіль Краснік. – Да гэтых паказчыкаў калектыў імкнецца. З восені пасеялі 1200 га азімых. На вясну засталося пакласці ў глебу насенне яравых толькі на 400 гектарах. Тэхніка да палявых работ падрыхтавана. Што тычыцца жывёлагадоўлі, то цяпер доім па 15 літраў ад каровы. У сакавіку спадзяёмся мець больш.

– Наш асноўны рэзерв – строгае захаванне тэхналогій як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі, дакладнае выкананне таго, што распісана пакрокава, — адзначыў Васіль Аляксеевіч. — Гэта тычыцца і надояў, і якасці малака. Гатункам «экстра» прадаём яго цяпер 86,6%. А добра было б больш за 90%. Але каровы хварэюць на масціт. Пытаюся ў ветурача і заатэхніка: чаму? Дакладнага адказу даць не могуць, значыць, і не ведаюць, як ліквідаваць прычыны, што выклікалі павелічэнне колькасці захворванняў. Спецыяліст павінен сам добра ведаць тэхналогію, вучыць ёй даярак, кантраляваць выкананне.

Тое самае і ў раслінаводстве. Каб мець аддачу ад мінеральных угнаенняў, падкарміць расліны трэба ў пару. Ісціны вельмі простыя. Але, як і многія мае калегі, лічу, што будучых спецыялістаў не давучваюць у навучальных установах. У праграмах павінна быць больш часу на практычнае засваенне прафесіі, пра што не раз гаварыў і наш Прэзідэнт. Будучыня за маладымі. Кожны з нас, сталых кіраўнікоў, хацеў бы перадаць вытворчасць у надзейныя рукі, дбайным гаспадарам і добрым спецыялістам.

Сам Васіль Краснік, гаварылі прудзінцы, з кім давялося пагутарыць, аказаўся тым рупліўцам, які з дня ў дзень клапоціцца пра ўмацаванне эканомікі гаспадаркі і паляпшэнне дабрабыту людзей. Не разбурыў, не закапаў ніводнай фермы.

Дарэчы, на адзін цялятнік, дзе цяпер утрымліваецца 150 цялушак, і заехалі з дырэктарам. Першае, што кінулася ў вочы, – пабеленыя сцены, сасновыя галінкі ў нішах акон, тоўстая саламяная «пярына», на якой ляжала жывёла. На чужых увагі не звярнула – першая прыкмета таго, што накормлена. Невялікі калектыў на чале з Алёнай Бароха якраз закончыў работу. Загадчыца патлумачыла, што кармоў хапае, жывёла штодзень прыбаўляе ў вазе на 837 грамаў.

Непадалёку ўзводзіцца яшчэ адна ферма. У яе, плануе дырэктар, збяруць нецеляў і сухастойных кароў з ферм з даільнымі заламі. Такім чынам там вызваліцца 200 месцаў. На такую колькасць гаспадарка зможа павялічыць дойны статак, які ўжо цяпер налічвае больш за 1 тысячу галоў.

Маючы вялікі вопыт гаспадарання на зямлі, Васіль Краснік ведае цану працы хлебароба, што будаваць не разбураць, а каб быць задаволеным жыццём, дабрабытам, трэба працаваць, а не шукаць прычыны, чаму не маеш таго, што хочаш. Дарэчы, у кабінеце дырэктара на сцяне вісіць плакат з вядомым выразам: «Кто стремится сделать – ищет способы, кто не хочет работать – ищет причины». Гэта і яго пазіцыя, якой прытрымліваецца ў сваім жыцці.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ