У Віцебску адбылася рэспубліканская прэм’ера новага сямейнага фільма “Мой сябар жырафа”, зробленага ў Нідэрландах і перакладзенага на беларускую мову. Карэспандэнты “Віцебскіх весцей” пабывалі на закрытым спецпаказе і высветлілі, чаму фільм абавязковы для прагляду як дзецям, так і дарослым.
Добрая, простая, надзвычай прыемная і пазітыўная гісторыя пра сяброўства маленькага хлопчыка Дзікіча і жырафы па імені Раф, якія выраслі побач адзін з адным, а цяпер разам збіраюцца ў школу, ідэальна падыходзіць для сямейнага прагляду. Асаблівую ўвагу, мяркуем, трэба звярнуць на гэта кіно бацькам будучых першакласнікаў, якія зараз на парозе кардынальных змен у жыцці. Лёгкі, аздоблены чыстымі і кранальнымі дзіцячымі жартамі, а таксама непахабным дарослым гумарам фільм адметны яшчэ і таму, што дубліраваны на беларускай мове. Пераклад і дубляж зроблены камандай “Кінаконг” у межах праекта “Беларускія ўікэнды”, а партнёрам, які дапамог ажыццявіць творчую задуму, стала кампанія velcom.
– Мы існуем прыблізна паўтара гады, перакладаем і прафесійна дублюем фільмы на беларускую мову, паказваем іх у кінатэатрах. Пачыналі з мінскіх і паціху выходзім у рэгіёны. Імкнёмся ахапіць найбольшую аудыторыю. Асаблівы акцэнт робім на дзетках, маленькіх беларусаў, якім для паспяховага вывучэння роднай мовы важна разумець, што яна жывая і развіваецца. І, як кажуць бацькі, гэта вельмі ім дапамагае, – патлумачыў кіраўнік праекта “Беларускія ўікэнды” Андрэй Кім. Ён таксама расказаў, что іх каманда не ўпершыню прэзентуе свае работы ў Віцебску: у мінулым годзе ў горадзе на Дзвіне паказвалі дзіцячы фільм “Шторм”, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Зараз маладыя людзі працуюць над новымі стужкамі: перакладаюць брытанскі фільм “Вогненныя калясніцы”, пасля якога гледачам прэзентуюць беларускамоўныя “Хронікі Нарніі”.
– Заўважым, што паглядзець “Мой сябар жырафа” можна не толькі ў кінатэатрах. Усе фільмы, якія з’явіліся дзякуючы “Беларускім уікэндам”, таксама можна знайсці на сервісе лічбавага тэлебачання VOKA aд velcom у спецыяльным раздзеле CINEVOKA, – адзначыў Андрэй.
Дарэчы, на сайце кампаніі мы знайшлі інфармацыю, што сёння ў гэтым раздзеле даступна 17 фільмаў у беларускай агучцы – ад драм і баевікоў да анімэ і анімацыйных стужак для ўсёй сям’і. Найбольш папулярнымі сярод карыстальнікаў з’яўляюцца карціны «Падынгтан», «Жонка аглядальніка заапарку», «Рыбка Паньё», «Гэта цудоўнае жыццё», «Кніга Ілая», «Маленькі Прынц».
Сярод прычын, чаму рэспубліканская прэм’ера адбылася ў Віцебску, і чым можа быць цікавы фільм менавіта мясцовай публіцы – гэта ўдзел у праекце нашага земляка, беларускага акцёра тэатра і кіно Сяргея Жбанкова, які падарыў свой голас галоўнаму герою – Рафу. Сяргей прыйшоў на першы паказ разам са сваёй малой дачушкай, якая вельмі захацела пабачыць фільм, дзе жырафа размаўляе па-чалавечы, ды яшчэ голасам таты. Трэба адзначыць, што жырафа ў фільме – не сучасная камп’ютарная графіка, а робат, якога спраектавалі і спецыяльна зрабілі для здымак.
– Я ўпершыню агучваў жывёлу. Мусіў зрабіць яе душэўнай, чалавечай, а таксама захаваць яе адметнасці, як жыхара Афрыкі. Акцёр з Нідэрландаў зрабіў гэта вельмі добра, таму мне заставалася прытрымлівацца яго курса. Цікавы вопыт атрымаўся, – падзяліўся Сяргей.
Таксама ён прызнаўся, што з дзяцінства марыў агучыць мультфільм або кіно. І асаблівы ўдзячны партнёрам практа, што яна здейснілася, а фільм “Мой сябар жырафа” загучаў на беларускай мове.
– Не трэба баяцца Каб пачаць размаўляць па-беларуску, мець на ёй зносіны паміж сабой. Гэта важная місія, бо мова забываецца, а так хочацца, каб яна гучала, тым больш што яна такая прыгожая, – адзначыў акцёр.
Кіраўнік групы сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom віктар Пазнякоў паведаміў, что фільм “Мой сябар Жырафа, будзе дэманстравацца прыблізна ў 50 кінатэатрах краіны, а значыць, паглядзець кіно на роднай мове зможа значгная колькасць дзяцей і дарослых.
– Прыемна ўдзельнічаць у такім праекце, а таксама прэзентаваць яго ў Віцебску. Гэта паказчык таго, што ён выходзіць на новы ўзровень не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне. На мінулым тыдні ў вашым горадзе мы арганізавалі такі значны сацыяльны праект як “velcom бегом!” . Таксама хачу ўзгадаць, што вясной мы прыязджалі ў Віцебск правесці фінал праекта “Чытаем па-беларуску з velcom!”, – расказаў Віктар.
Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.