Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Испытано на себе

5 вёдраў вады і 10 чыстых дыванкоў. Карэспандэнт “ВВ” папрацавала сацыяльным работнікам

Раз-пораз назіраючы за сацыяльнымі работнікамі, якія прыходзяць да старых у наш дом, думала: праца ў іх лёгкая. Прыйшлі, схадзілі за пакупкамі ў магазін і адправіліся далей, да новых падапечных. Вось і вырашыла паспрабаваць сябе ў новай прафесіі.  Аднойчы раніцай адправілася ў Браслаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  з намерам уладкавацца на працу ці, калі гэта не ўдасца, пайсці вучаніцай да вопытнага работніка. За справу была гатова ўзяцца адразу. Але загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі цэнтра Ала Калашнікава спыніла мяне.

irina

— Спачатку прайдзіце медкамісію, — сказала яна, — пацвердзіце, што стан вашага  фізічнага і псіхічнага здароўя дазваляе працаваць з пажылымі людзьмі. Адпраўляйцеся ў паліклініку.

Прыйшлося хадзіць па ўрачэбных кабінетах. За паўдня пад­пісала ліст, атрымала заключэнне. Вярнулася ў тэрытарыяльны цэнтр і прайшла інструктаж. Даведалася, якія паслугі і якой катэгорыі пажылых грамадзян аказваюцца бясплатна, за якія бяруцца грошы, колькі часу адводзіцца на абслугоўванне падапечных у прыватным сектары, а колькі ў  кватэрах. А да гэтага яшчэ і ўлік, справаводства, справаздачнасць... У таўшчэзнай папцы перачытала стос папер на маіх падапечных.  Трэба ведаць, да каго пойдзеш.

Галава, як кажуць, пайшла кругам. Але пакуль гэта была толькі тэорыя. Наперадзе чакала практыка — непасрэдная сустрэча з людзьмі.

З раніцы наступнага дня пад наглядам вопытнай работніцы цэнтра Ірыны Міхневіч адправілася па адрасах. Першы візіт — да Аліны Антонаўны Шпілько.  Бабуля чакала нас, хоць увагай блізкіх  не абдзелена. Дачка рэгулярна прыязджае з Даўгаўпілса, робіць закупкі, прыбірае. Па хаце Аліна Антонаўна, маленькая ху­дзенькая жанчына, у свае 88 гадоў спраўляецца сама. А вось хадзіць у магазін, хоць ён і недалёка ад дома,  ёй цяжка, як і даставаць ваду з калодзежа, прыносіць дровы. Паскардзілася, што ногі не хочуць трымаць: пайшла днямі праз дарогу ў ГЦ «Віталіч» і там завалілася. Напалохала людзей.

Пяць вёдраў вады, ахапак дроў з хлеўчука ў хату занеслі, па просьбе бабулі ў іголкі ўцягнулі розныя па колеры ніткі, адкрылі бутэлечку з лекамі.

— Сілы ў пальцах няма,— нібы саромелася сваёй просьбы  Аліна Антонаўна. Расказала мне пра сваіх дзяцей, мы дамовіліся пра аплату спажытай электра­энергіі, вываз смецця, пасля чаго развіталіся. І хутка пайшлі ў магазін Пастаўскага спажывецкага таварыства, які ўжо больш за год працуе ў Браславе, за садавінай і хлебабулачнай прадукцыяй – заказ яшчэ адной  падапечнай. Мая настаўніца патлумачыла, што менавіта ў гэтым магазіне будуць гарачыя булачкі, і садавіна тут самая танная, і свініна, і птушка.

Дайшлі да другога адраса за 15 хвілін. Чысты двор, парадак у агародчыку і кветніку падказвалі, што тут жыве добрая гаспадыня. Стукаем у дзверы, і на парог выходзіць мая даўняя знаёмая, колішні перадавік рыбгаса, шчырая руплівіца па жыцці.

— Будзеш сацыяльным работнікам? — здзівілася майму тлумачэнню Леакадзія Адольфаўна Сапель. – Цікава. Спрабуй.

Я паспрабавала. Вытрасла каля 10 дыванкоў, якімі была засцелена падлога ў пакоі, спальні, на  верандзе і ў сенях. Падмяла  палас  у зале, старалася рабіць гэта акуратна, каб гаспадыня не паскар­дзілася, што ўзняла на ўсю кватэру пыл. І пачула:

— Не падыходзіш ты для гэтай работы: не маеш спрыту. Венік не прыціснула і, пэўна, пакінула ў паласы ўвесь пясок. Ірына, — загадала маёй спадарожніцы, — перамяці.

pash

Прыйшлося апраўдвацца: я ж першы раз, праз колькі часу набуду спрыт.  Гаспадыня ж пільна сачыла, колькі смецця збярэ яе памочніца з цэнтра пасля маёй уборкі. А калі яго не аказалася, расчаравалася. Папрасіла прабачэння, але пайшла ператрасаць пасля мяне тую безліч дыванкоў.

Напэўна, адна я і да вечара не справілася б з той работай, якая была запланавана гаспадыняй і сацыяльным работнікам на гэты дзень: памыць акно, прыбраць у невялікай, але ўсё ж трохпакаёвай кватэры, перанесці гарбузы і кабачкі з хлеўчука ў цёплае месца, спарадкаваць вяргіні, вынесці смецце. Пракалолася я і на апошнім заданні – выкінула мяшэчак  у кантэйнер не на той пляцоўцы, дзе прывыкла рабіць гэта гаспадыня.

Адведзены па графіку час на візіт праляцеў імгненна. Трэба было спяшацца па чарговым адрасе. Вяргіні спарадкаваць не паспелі.

Шлях зноў заняў хвілін 15. Па дарозе завярнулі ў кіёск «Саюздруку». Ад наступнага падапечнага быў заказ  купіць свежыя газеты. І ён сапраўды чакаў іх: адразу забраў  і пайшоў бліжэй да акна чытаць. Гаспадыні ж нездаровілася. Але, пачуўшы галасы, яна ўстала з ложка, прывіталася, пазнала мяне. Якая там работа! Пачаліся ўспаміны, роспыты, расказы пра свае сем’і і пра знаёмых. Аляксандра Міхайлаўна Дудкевіч у свае 94 гады  захавала добрую памяць. Мы нібы вярнуліся ў маладосць, узгадалі многае з перажытага. Але работа стаяла, таму перамясціліся на кухню. Ірына ўзялася гатаваць абед, потым накрывала на стол, прыбірала посуд. Уборку кватэры перанеслі на наступны дзень.

Пасля абеда – новы адрас, новы чалавек, і гэтак далей.

…Што вынесла для сябе з гэтага вопыту? На стаўку мне трэба было мець сем  падапечных. Адну сям’ю наведваць пяць разоў на тыдзень, другую – тры, астатнія — па два разы. Размеркаваўшы больш-менш прапарцыянальна нагрузку, пяць рабочых дзён атрымаліся занятымі поўнасцю. Эканоміць на візіце час мне не ўдавалася. Абслугоўванне лю­дзей у сталым узросце аказалася справай  вельмі няпростай. Трэба стаць членам  сям’і для кожнага, а для гэтага мець перш за ўсё спагадлівы характар і шчодрае сэрца, ведаць і паважаць уклад жыцця  чалавека, прымаць яго такім, які ён ёсць. Заслужыць давер. А да ўсяго яшчэ быць фізічна моцным. Асабіста я вычарпала свае сілы да абеда, хоць у графіку гэта быў не самы насычаны дзень. Праўда,  стомленасць кампенсоўвалі прыемныя эмоцыі ад сустрэч з людзьмі, якіх ведала, але даўно не бачыла, ад  іх аптымізму, які яны не губляюць. Гэтаму можна павучыцца і па-добраму пазайздросціць.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ