Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Лепшы ганчарны посуд вырабляе браслаўчанін Валерый Зінкевіч

З Міжнароднага пленэру народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Гліна спявае» браслаўчанін Валерый Зінкевіч вярнуўся з дыпломам за першае месца ў намінацыі «Лепшы ганчарны посуд». Здзівіў журы, калег і проста цікаўных людзей не толькі сваёй калекцыяй вырабаў, але і майстар-класам, дзе вучыў жадаючых тэхніцы рамонту глінянага посуду з дапамогай бяросты.

Чарговую перамогу ганчара на Браслаўшчыне ўспрынялі як факт звычайны. Хутчэй здзівіліся б, каб вярнуўся без узнагароды, бо Валерый прызнаны майстар ва ўсёй краіне. Яго «Сядзіба ганчара», бадай, самае папулярнае па наведванні месца ў райцэнтры. Гэта невялікі музей пад адкрытым небам, дзе можна паназіраць за майстрам непасрэдна за работай, не проста пабачыць, а і патрымаць у руках рэплікі посуду, пачынаючы аж ад неаліту, эпох жалеза, бронзы і да нашага часу. Экспазіцыя добра бачна з дарогі, прыманьвае да сябе прахожых, а гэта турысты, што адпачываюць на базах Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» і аздараўленчай прафсаюзнай установы «Браслаўскія азёры». Гаспадары «Сядзібы ганчара» сустрэнуць, пакажуць і раскажуць пра тое, як жылі нашы продкі, як выраблялі бытавыя рэчы, развівалі і ўдасканальвалі тэхналогіі ганчарства. Адным словам, правядуць пазнавальны экскурс па эпохах, дзе расказ спалучаецца з дэманстрацыяй вырабаў, працэсам іх стварэння…

Валерый Анатольевіч лічыць, што, калі ўмееш маляваць і трымаць у руках сякеру, ганчарству можна навучыцца.

– Для гэтага трэба толькі не баяцца працы, быць настойлівым, – гаворыць. – Нашы ж продкі ў пару неаліту не мелі ніякага інструмента. Маглі зрабіць гліняны посуд на пні замест стала ці проста на каленях. А сёння столькі прыстасаванняў, што і вялікіх сіл не патрабуецца. Кола круціць электрычнасць, а ганчар толькі падбірае прыладу пад свой густ.

Валерый, як сам расказвае, першы раз паспрабаваў сябе на коле вядомай на Віцебшчыне майстрыцы Ніны Аляксееўны Кузьміновай, якая паказвала рамяство на адным з першых «Славянскіх базараў».

– Кола крывое, касое, а такія гаршчкі рабіла! Хай бы паспрабавалі цяперашнія ганчары, – узгадвае прызнаны цяпер майстар.

Мастак Браслаўскага музейнага аб’яднання і рамеснік Валерый Зінкевіч прайшоў шлях не ў адно дзесяцігоддзе, каб зразумець, як нашы продкі пракладвалі дарогу да цывілізацыі і тэхнічнага прагрэсу, адчуць сваю сувязь з імі.

Толькі, каб дайсці да гэтага прызнання, спатрэбіліся гады. Выпускнік мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава пачынаў настаўнікам у СШ №1 Браслава, потым працаваў у Доме піянераў, дзе вёў гурткі разьбы і ганчарства. Тады і адкрыў для сябе гліну і рамяство, якое з дзяцінства лічыў падуладным толькі іншапланецянам. Пачаў са свістулек, дробнай глінянай пластыкі, паглыбіўся ў гісторыю, імкнучыся зразумець і аднавіць працэс вырабу з гліны, які існаваў у пэўным гістарычным перыядзе. Так і стаў рэканструктарам ці, як скажа пра сябе, інтэрпрэтатарам гістарычнага і этнаграфічнага ганчарства. Не раз паўторыць, што майстар ён не дасканалы, што чым больш ведае пра гліну, глазуры, існаваўшыя тэхналогіі, тым больш думае, што нічога не ведае і не ўмее.

Гэта пры тым, што ён прызнаны археолагамі прафесіянальным рэканструктарам, быў пераможцам дзясяткаў конкурсаў, як знаўца і рэканструктар этнаграфічнага посуду пакінуў свой след у музеях. Тры гады працаваў над стварэннем экспазіцыі для археалагічнага музея пад адкрытым небам у «Белавежскай пушчы».

Акрамя творчага працэсу за ганчарным колам, часу патрабуюць эксперыменты. Цікава майстру, як продкі ў прымітыўных умовах рабілі такія моцныя рэчы, што захаваліся да нашых дзён. Навучыўся абпальваць кераміку на кастрышчы, у яме, у горне. Цяпер марыць зрабіць на дровах такую печ, каб была ў ёй тэмпература вышэй за 1200 градусаў. 900 – не хапае.

– Навошта? – цікаўлюся ў ганчара.

Ён загадкава ўсміхаецца і кажа: будзе зусім іншая якасць абпалу, керамікі.

Ёсць у Валерыя Зінкевіча яшчэ адна заслуга перад продкамі. Па вялікім рахунку на Віцебшчыне і ў прыватнасці ў Браславе ён з сябрамі стаяў у самым пачатку рэканструкцыі сярэднявечнага побыту славян і сумежных народаў, стваральнікам «жывой» археалогіі на Браслаўшчыне. Змайстраванае імі прыстасаванне для здабычы «жывога» агню аб’ехала шматлікія фестывалі, дзе заўсёды з’яўляецца самым цікавым працэсам рэканструкцый. З лёгкай рукі сям’і Зінкевічаў браслаўская Замкавая гара штогод збірае да 20 аматарскіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі, дзе даюцца відовішчныя ўрокі па гісторыі роднай зямлі.

Акрамя таго, Валерый удзельнічаў як мастак у стварэнні камплекта паштовак «Гісторыя Браслава ў малюнках» і не толькі рэканструяваў тэхналогіі старажытнага ганчарства, а і стварыў адпаведны часу састаў глазуры. Адным словам, мастак Браслаўскага музейнага аб’яднання і рамеснік Валерый Зінкевіч прайшоў шлях не ў адно дзесяцігоддзе, каб зразумець, як нашы продкі пракладвалі дарогу да цывілізацыі і тэхнічнага прагрэсу, каб адчуць сваю сувязь з імі.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ