Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

На Сенненшчыне аднавілі старажытны танец – «Ходцаўскую кадрылю»

На Сенненшчыне адноўлены танец, які яшчэ ў пачатку 1970-х выконваўся на вечарынках у цяперашнім аграгарадку Ходцы і навакольных вёсках.

Днямі ў мясцовым Доме культуры адбыўся раённы агляд фальклорных калектываў, дзе клуб аматараў фальклору “Крывія” прэзентаваў “Ходцаўскую кадрылю”. Сярод гледачоў былі і тыя, хто калісьці выконваў танец як у простай хаце, так і на сцэне. Дарэчы, арганізатары агляду зрабілі арыгінальныя афішы ў стылі запісак 1950-х: “Хата Юпата, музыка – Чорны”. Менавіта так моладзь абменьвалася інфармацыяй пра месца правядзення вечарынкі, бо тагачасныя дыскатэкі не мелі пастаяннай дыслакацыі і качавалі па хатах і вёсках, чаргаваліся і музыкі. Цікава, што і гаспадар Юпат, і гарманіст Чорны тады жылі ў Ходцах.

Па словах метадыста па фальклоры Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзмітрыя Зайко, на Беларусі кадрыля была самым папулярным танцам і завяршала вечарынку. Як расказвалі старажылы, ходцаўскі варыянт меў 10-12 кален (найгрышаў) і мог працягвацца тры гадзіны. Многія хлопцы і дзяўчыны на вечарынках чакалі менавіта гэты танец, бо ў ім прадугледжвалася выразнае выказванне эмоцый партнёру праз погляд і ўсмешку. Нярэдка сумеснае выкананне кадрылі завяршалася для пары хуткім вяселлем.

Са з’яўленнем радыёл і магнітафонаў моладзь захапілася іншай музыкай і скокамі. Ходцаўская кадрыля ў 1970-1980-х захоўвалася дзякуючы танцавальнаму ансамблю мясцовага ДК пад кіраўніцтвам Марыны Латышавай. Калектыў выступаў на розных пляцоўках як у Беларусі, так і у Расіі Украіне. Каля трыццаці гадоў таму ў Ходцы прыязджаў вядомы этнахарэограф і даследчык аўтэнтычнага беларускага танца Мікалай Казенка і зафіксаваў на відэа “Ходцаўскую кадрылю”. Менавіта гэты запіс і ўспаміны ўдзельнікаў калектыву сталі асновай для аднаўлення танца. Упершыню яго паказалі сёлета на святкаванні Дня Незалежнасці ў Сянне, потым – на конкурсе танцаў на “Славянскім базары”.

“Крывія” мае на мэце спрыяць вяртанню народных танцаў у моладзевую культуру. Напрыклад, такі рух дастаткова развіты ў Венгрыі і Польшчы. Нядаўна на абласным конкурсе дыскатэчных праграм калектыў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені і атрымаў прыз за выкарыстанне беларускіх традыцый.

Фота аўтара.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ