Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

Вучні новалукомльскай сш №1 перакананы: найбольш цікавае месца ва ўстанове – школьны музей

Хлопчыкі і дзяўчынкі новалукомльскай сш №1 не толькі з захапленнем разглядаюць экспазіцыі з рэдкімі здымкамі, прадметамі даўніны, якія адлюстроўваюць летапіс старажытнай лукомскай зямлі і распавядаюць пра гісторыю развіцця самага маладога горада Беларусі, але і пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ганны Васільевай актыўна папаўняюць фонд школьнага музея рэчамі з сямейных архіваў, асабістымі знаходкамі. Дзякуючы юным энтузіястам тут можна ўбачыць нават рарытэты 1730 года.

Ядро актывістаў – савет музея ўдзячнасці і памяці (такую назву мае гістарычны куток) з пяці дзевяцікласніц. Варвара Бірукова, Дар’я Дзямідчык, Паліна Дзягель, Марыя Лагунова, Дар’я Вжос – гордасць установы.

У дзяўчат розныя захапленні, ды музейная справа аб’ядноўвае выпускніц базавай школы. Як яны адзначаюць, практыка экскурсавода дысцыплінуе, натхняе пазнаваць, удасканальвацца. Вучаніцы не толькі праводзяць экскурсіі, яны займаюцца зборам, сістэматызацыяй матэрыялаў, даследчай працай. Асноўныя напрамкі работы краязнаўцаў – гісторыя першай агульнаадукацыйнай установы ў Новалукомлі і ваенна-патрыятычная тэматыка. Працавалі плённа, да справы падыходзілі творча. Здавалася б у біяграфіі Героя Савецкага Саюза Фёдара Азміцеля, імя якога носіць бульвар горада беларускіх энергетыкаў, вядома ўсё. Але Ганна Васільева і члены гуртка спрабуюць адшукаць яшчэ штосьці.

Сацыяльныя сеткі паспрыялі знаёмству з праўнукам Азміцеля Фёдарам Смальянінавым, жыхаром Санкт-Пецярбурга. Разам з маці, унучкай героя, ён пабываў на святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Фёдара Азміцеля ў Новалукомлі. Пецярбуржцы дапамаглі звязацца з дачкой Фёдара Фёдаравіча – Нінай Базай у Казахстане. Пачалася перапіска. Жанчына ахвотна распавядала пра бацьку. Атрымалі ўнікальны матэрыял, які пралівае святло на асобу і вытокі подзвіга Азміцеля.

Хлопчык-сірата вельмі рана спазнаў цяжкую сялянскую працу. Станоўча на лёс паўплывала першая настаўніца Валянціна Памазанава. Таленавіты педагог разглядзела здольнасці вучня, ацаніла яго імкненне да ведаў. Не пакідала клапаціцца пра яго і тады, калі Фёдар паехаў вучыцца ў горад. Менавіта Валянціна Сцяпанаўна ўгаварыла маці будучага героя адпусціць яго на настаўніцкія курсы ў Арэнбург. На радзіму той вернецца дыпламаваным спецыялістам. На жаль, педагагічная біяграфія Фёдара Фёдаравіча атрымалася кароткай. У хуткім часе яго прызвалі на армейскую службу. Адтуль накіравалі ў ваеннае вучылішча НКУС, ён стаў кадравым ваенным.

Урокі дабрыні, засвоеныя ў дзяцінстве, дапамаглі Фёдару Азміцелю на выдатна здаць галоўны жыццёвы экзамен. У сваім апошнім баі ля вёскі Макаўё на Барысаўшчыне 25-гадовы камандзір атрада “Гром” мог выратавацца. Параненаму ў абедзве нагі Фёдару прапанавалі дапамогу. Ён не стаў разыкаваць жыццём таварышаў. Калі фашысты акружылі, падарваў сябе і карнікаў гранатай, даўшы магчымасць адысці апошнім партызанам, што прарываліся праз трайное кальцо акружэння.

Вясной у новалукомльскай сш №1 пабываў яшчэ адзін пецярбуржац. Віктар Пятроў – пляменнік першага сакратара Аршанскага падпольнага райкама камсамола, камісара 1-й заслонаўскай брыгады Барыса Пятрова, які загінуў непадалёк ад Новалукомля і пахаваны на могілках у вёсцы Старыя Лаўкі. У Волагдзе, на радзіме продкаў, ён даведаўся, што ў Беларусі ёсць школа, піянерская дружына якой носіць імя дзядзькі, а ў школьным музеі захоўваецца шмат цікавых дакументаў пра баявы шлях родзіча, лісты ад маці героя. Віктар Міхайлавіч вырашыў паехаць у горад беларускіх энергетыкаў. Сустрэча са школьнікамі атрымалася вельмі цёплай.

– Вось так боль вайны звязаў нас з паўночнай расійскай сталіцай, – распавядае Ганна Васільева. – “Беларусь памятае” пра Фёдара Азміцеля і Барыса Пятрова.

Вельмі змястоўнай выглядае і экспазіцыя, прысвечаная школе. У аснове  – матэрыялы пра ветэранаў-педагогаў, знакамітых выпускнікоў, найлепшыя дасягнення калектыву. Рыхтуючыся да конкурсу “Гісторыя школьнай формы”, вучні не толькі збіралі старыя здымкі, рабілі апісанне, але і паспрабавалі зрабіць узоры з тканіны. Сёння вырабы займаюць пачэснае месца ў музеі.

“Даследаванне за даследаваннем” – дэвіз юных краязнаўцаў. Сёлета пры ўстанове адукацыі адкрыўся цэнтр міжшкольнай дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі. А ў музеі ўжо плануюць экспазіцыю, прысвечаную выпускнікам, што набылі ваенныя прафесіі. Акрамя таго, сабрана шмат экспанатаў этнаграфічнай тэматыкі. Распрацоўваецца цыкл экскурсій.

Вучні школы перакананы: з пошукам жыццё значна цікавей. Плённая пазакласная дзейнасць – даніна малой радзіме. Хочыцца верыць, што ўрокі любові да яе, атрыманыя ў школе, стануць для іх той пуцяводнай зоркай, што не дасць збіцца са шляху, якія б вятры і буры ні давялося перажыць.

Ірына Торбіна, Чашнікі.Фота аўтара.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ