Прэм’ерай пачнецца тэатральны ліпень на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Драма-пераасэнсаванне – так вызначыў жанр пастаноўкі «Кара-ціці-кара» рэжысёр, мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў.Асновай для спектакля стала п'есе І.Грэкавай, П.Лунгіна «Удовін параход».
Камерная сцэне тэатра пераўтворыцца ў камунальную кватэру, дзе жывуць пяць абсалютна розных жанчын. Анфіса, Вольга, Ада, Панька, Капа. У іх – розныя прафесіі, сацыяльны стан, розныя лёсы, праз якія прайшла навала Вялікай Айчыннай вайны, забрала блізкіх людзей... Суседкі называюць агульнае жытло «Удовін параход».
Анфіса Громава прысвяціла, ахвяравала сваё жыццё сыну Вадзіму, які нарадзіўся і выхоўваўся ў страшныя гады вайны. Але хлопчыку, а потым і падлетку не падабалася гэтая любоў, ён клікаў маці «яна», ставіўся да яе нібыта да трэцяй асобы. «Яна душыць мяне сваёй любоўю» – яго самае частае выказванне. Калі Анфіса памірае, Вадзім вяртаецца ў камуналку, у халодны пакой, дзе адчувае невыносную адзіноту... І ўсё роўна працягвае вінаваціць маці ў сваіх няшчасцях. Лагодныя суседкі накрываюць стол і на памінках стараюцца расказаць Вадзіму тое, чаго ён не ведаў раней. У юнака з’явіўся шанц паглядзець фільм свайго жыцця, убачыць яго быццам збоку, пераасэнсаваць кожны дзень, кожны свой учынак. Галоўнае пытанне ў тым, ці скарыстаецца ён гэтым шанцам...
І.Грэкава – гэта літаратурны псеўданім Алены Вентцэль, вядомага савецкага матэматыка.Яна сама прайшла праз вайну, у блакадным Ленінградзе памёр яе муж, праз выпрабаванні савецкага часу. «Жывучы так доўга разам і побач, нельга заставацца чужымі, і мы не чужыя. Паміж суседзямі ўзнікае адмысловая роднасць, зусім не любоўная, хутчэй сварлівая, але ўсё ж роднасць. Яны сварацца, абражаюць адно аднаго, зрываюць адзін на іншым сваю нервовую злосць – і ўсё ж яны сям'я. Захварэеш – суседзі купяць што трэба, прынясуць, чайнік нагрэюць. Памрэш – суседзі пахаваюць, успомняць, вып’юць», – так пісала І.Грэкава. І аповесць, па якой напісана п’еса, і сам спектакль –гэта шчымлівая, шчырая і балючая гісторыя, як і жыццё многіх у акупацыі, у першыя пасляваенныя гады.
Першыя паказы новага спектакля, якія адбудуцца 2 і 4 ліпеня, тэатр прысвячае 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.Сцэнаграфія і касцюмы стварыла галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка. Музычнае афармленне Міхаіла Рудака. Пераклад п’есы і вершаў на беларускую мову ажыццявіў Алесь Замкоўскі.
У спектаклі занятыя: Святлана Сухадолава / Вікторыя Шамардзіна (Анфіса Громава), Аляксей Анісеня / Ілля Блыкін (Вадзім Громаў), Ніна Обухава (Вольга Флёрава), Святлана Жукоўская (Капа Гушчына), Вольга Куляшова (Ада Ульская), Валянціна Багданава / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна (Панька Зыкава), Міхаіл Асанаў (Фёдар Громаў, муж Анфісы), Валянціна Багданава / Зінаіда Гурбо (Яўлампія Захараўна, загадчыца Дома дзіцяці), уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Васіль Сяргеевіч, зампаліт), Вадзім Асвяцінскі (Мікалай, сужыцель Панькі).
Аляксандр Замкоўскі, вядучы рэдактар НАДТ імя Якуба Коласа.