Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

"Найлепшым Домам рамёстваў" у Віцебскай вобласці названы калектыў майстроў з Пастаў

Добрымі навінамі поўніцца «Стары млын». Летась, бадай, не было ў вобласці такога мерапрыемства, дзе б не праславіліся майстры Пастаўшчыны. У конкурсах рамеснікаў, выставах хто-небудзь абавязкова перамагаў ці станавіўся прызёрам. Апагеем жа з’явілася прысваенне ў снежні мінулага года звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь» дырэктару Дома рамёстваў Таццяне Петух і майстру Вользе Гукавай, а ў студзені 2022-га «Найлепшым Домам рамёстваў» у вобласці названы ўвесь калектыў.

Таццяну Петух застала за пляценнем з саломкі.
– Рыхтуюся да чарговай абласной выставы, – патлумачыла Таццяна Мікалаеўна. – І не я адна. Вольга Гукава працуе над маляванкай, а Крысціна Брэская вышывае. Выставы – найлепшы спосаб прадэманстраваць талент майстра, прыгажосцю яго работ зацікавіць гледача народнымі рамёствамі, традыцыямі, выклікаць жаданне самому паспрабаваць, на што здатны.

Пастаўшчына багатая на людзей таленавітых і дзейных. Яны з ахвотай дэманструюць сваю творчасць, таму і вядомыя шырока.
Крысціна Брэская ўразіла журы на «Славянскім базары ў Віцебску», на «Птушыным перапалосе» ў Міёрах атрымала Гран-пры ад арганізатараў конкурсу, яшчэ дзвюм пастаўчанкам на гэтым конкурсе было прысуджана другое месца. Дабавілася дыпломаў у Вольгі Сафонавай і Юліі Навядомскай.


Паклаўшы саломку, Таццяна Петух павяла ў выставачныя залы «Старога млына», дзе былі разгорнуты дзве экспазіцыі. Адна – браслаўчанкі Наталлі Парахневіч, работамі якой любаваліся жыхары многіх вялікіх гарадоў, у тым ліку ў выставачных залах сталіцы. Нават прафесіяналы дзівяцца з таго, як на кроснах з-пад рук майстра з абрэзкаў тканіны нараджаецца карціна. Прычым дыванкі тыя не пасцелеш пад ногі, не кінеш на канапу ці крэсла. Гэта мастацкія творы, якія можна разглядаць бясконца і кожны раз знаходзіць штосьці новае.
У суседнім пакоі – дзясяткі лялек-пастаўчанак, таксама зробленых таленавітымі рукамі мясцовых жанчын. Іх уборы могуць служыць прадметам для вывучэння. Нацыянальныя, характэрныя для свайго краю, сучасныя.


Вольга Сафонава займаецца керамікай, вырабляе розныя рэчы, у тым ліку свістульку. Рэканструкцыя апошняй – яе навуковая праца. Пры археалагічных раскопках у Паставах была знойдзена ў выглядзе вершніка. Яе датавалі XVII стагоддзем. Вось яе адраджэннем і занялася майстрыца, якой удалося зрабіць такую ж па форме і гуку. Цяпер вучыць вырабу дробнай цацкі дзятву і дарослых.
Кіраўніца народнага клуба народных майстроў, народных мастацкіх рамёстваў і самадзейных мастакоў Алена Крывенькая спецыялізуецца на ткацтве і аднаўленні паясоў. Рэканструявала вясельны пастаўскі, за што была адзначана дыпломам.


– Наша экспазіцыя на рэспубліканскай выставе «Калядныя ўзоры» таксама была прызнана лепшай, – працягвала пералік перамог майстроў краю Таццяна Петух. – У ліку самых прыгожых названы наш дажыначны сноп. Адзначаны на конкурсе «Паясы не для красы».
А планаў на 2022 год у калектыва шмат.


– Год гістарычнай памяці падказвае новыя тэмы, накірункі дзейнасці, над рэалізацыяй якіх мы ўжо працуем, – сказала Таццяна Петух.

Фота з архіва Дома рамёстваў. 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ