Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Сенненскія бібліятэкары рэалізуюць праект «Памятаем. Шануем. Ганарымся»

У Год гістарычнай памяці сенненскія бібліятэкары рэалізуюць праект «Памятаем. Шануем. Ганарымся», які складаецца не з аднаго дзясятка мерапрыемстваў.

Па словах загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Сенненскай ЦБС Таццяны Красноўскай, значны рэзананс выклікала публікацыя ў сацыяльных сетках серыі фатаграфій 1970 – 1990-х гадоў, якія адлюстроў­ваюць моманты святкавання памятных дат. На здымках з масавых мерапрыемстваў людзі пазнавалі знаёмых, родных, землякоў.

На фатаграфіі з калекцыі Ульянавіцкай сельскай бібліятэкі зафіксаваны эпізод святкавання 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Сянне гэта дата адзначалася ў нядзелю, 30 чэрвеня 1974 года. Група ветэранаў, сярод якіх генерал-маёр і Герой Савецкага Саюза, па-простаму сядзіць на траве і разняволена вядзе гутарку на Сінайскіх гарах – парку, дзе праходзіла неафіцыйная частка. Яны яшчэ маладыя, на выгляд старэйшаму няма і сямідзесяці гадоў.

А пачыналася свята раніцай на цэнтральнай плошчы Сянна. Раённая газета «Ленінская іскра» паведамляла: «У бязвоблачным небе лунаюць песні аб велічным подзвігу савецкіх людзей. З чырвонымі сцягамі і транспарантамі, з букетамі жывых кветак па плошчы крочаць усе, каму дорага і блізка незабыўнае свята. Сярод іх – сведкі бяспрыкладнага народнага подзвігу – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Сівізна на скронях – памяць аб суровых гадзінах фашысцкага ліхалецця. А на грудзях кожнага, нібы дзясяткі маленькіх сонцаў, ордэны і медалі». Шэсце рухалася да помнікаў воінам і партызанам, загінуўшым у баях. Ветэраны знаходзіліся на чале калоны і неслі вянок з жывых кветак у выглядзе пяціканцовай зоркі. На пунсовай стужцы надпіс: «Вечна жывым героям».

На ўрачыстым мітынгу першы сакратар Сенненскага райкама КПБ Яўген Радзецкі адзначыў: «З часам залечаны раны на месцах былых баёў, зараслі партызанскія сцежкі, але ніколі не згасне памяць аб народным подзвігу ў сэрцах пакаленняў».

Адбылося тэатра­лізаванае прад­стаў­ленне, потым пад гукі марша людзі рушылі да Сінайскіх гор. Тут удзельнікі мастацкай самадзейнасці выступілі з вялікай святочнай праграмай. Адбыліся спартыўныя спаборніцтвы і танцы.

Гэты здымак не трапіў у асноўную справаздачу «Ленінскай іскры» і быў надрукаваны праз нумар у тэматычнай падборцы фатаграфій са свята і подпісам: «Ветэраны Вялікай Айчыннай успамінаюць баявыя эпізоды».

У 1985 годзе Сінайскія горы былі перайменаваныя ў парк 40-годдзя Перамогі. Летась пры непасрэдным удзеле гараджан ён значна аднавіўся. З’явіліся пілоны з інфармацыяй па гісторыі Сенненшчыны, спартыўная, дзіцячая і канцэртная пляцоўкі. Зараз распачынаецца рэканструкцыя акопаў, якія памятаюць ліпень 1941 года, калі ў рамках Лепельскага контрудару адбылася знакамітая Сенненская танкавая бітва.

Але пры ўсіх зменах тут можна па-ранейшаму прысесці на пагорку і пагаварыць у прыемнай кампаніі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ