Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Шлюб у католікаў: на ўсё жыцце альбо можна ануляваць?

Відаць, кожная пара сужэнцаў перажывае ў сямейным жыцці як радасныя моманты, так і крызісныя. Часам супярэчнасці бываюць непераадольнымі, калі далейшае суіснаванне амаль немагчымае. Што рабіць, бо ў католікаў няма такога паняцця, як развод альбо скасаванне шлюбу? У такім выпадку пытанне можа вырашыць біскупскі суд, якім кіруе афіцыял. У Віцебскай дыяцэзіі ім з’яўляецца судовы вікарый, айцец Сяргей Мацюшонак, які належыць да старажытнага ордэна меншых братоў капуцынаў.

Ці існаваў сужэнскі саюз?

Трэба прызнаць, што ў наш час скасаванне шлюбу стала звычайнай з'явай. Людзі разводзяцца, паводле свецкага права становяцца свабоднымі і могуць ажаніцца ў другі раз. Але калі чалавек з’яўляецца вернікам і хоча карыстацца сакрамантамі ў касцёле, найперш прыступаць да споведзі і прымаць Святую Камунію (Прычасце), ён павінен жыць у кананічным, асвечаным святаром шлюбе. І тут паўстае перашкода – папярэдні саюз, які распаўся перад свецкай уладай, але па законе касцёла працягвае існаваць. Пакуль не будзе сцверджана адваротнае, саюз лічыцца сапраўдным.

Тады вернік заскарджвае праўдзівасць свайго першага шлюбу ў біскупскім судзе. Атрымліваецца своеасаблівая спрэчка паміж касцёлам, які абараняе важнасць кананічнага сужэнскага саюзу, і пазоўнікам (істцом). Спачатку вернік звяртаецца да пробашча сваёй парафіі. Святар павінен на месцы разабрацца, ці сапраўды існуе падстава лічыць шлюб несапраўдным. Калі гэта так, складаецца пазоўная скарга.

Для тых, хто падае скаргу і яе разглядае, працягласць сужэнства не мае значэння. Айцец Сяргей Мацюшонак прыгадвае працэс, калі людзі пражылі пасля вянчання 30 гадоў, перш чым адзін з бакоў звярнуўся ў суд. Прыкладна пароўну звяртаецца ў біскупскі суд мужчын і жанчын.

Калі вянчання «не было»

Канешне, такога фактару, як «не сышліся характарамі», які не адно дзесяцігоддзе пазначаецца ледзь не галоўнай прычынай разводаў у дзяржаўных судах, на разгляд у касцёльнай інстанцыі ніхто і блізка не прыме.

Таму ў істца ёсць толькі магчымасць даказаць, што шлюб быў несапраўдным ад самага пачатку. Напрыклад, хтосьці не расказаў пра сваю псіхічную хваробу, алкагольную ці наркатычную залежнасць.

Судом прымаецца да ўвагі акалічнасць, калі нехта не можа мець дзяцей, але наўмысна хавае гэты факт ад другой паловы. Яшчэ адзін варыянт – няздольнасць да выканання сужэнскіх абавязкаў. Нават у наш час здараецца, што чалавек пабраўся шлюбам пад прымусам. Існуе і фактар сімуляцыі сужэнскай згоды: дзяўчына выходзіць замуж, але не кахае гэтага хлопца. Ці ў мужчыны ёсць палюбоўніца, адносіны з якой не збіраўся перарываць і пасля вянчання. Значыць, ён сімулюе сужэнскую згоду.

Рэдка, але бывае праблема неразлучнасці сужэнства. Чалавек ставіць перад вянчаннем сабе ўльтыматум: калі ў шлюбе з’явяцца праблемы – разый­дземся. У такім выпадку ксёндз не мае права іх дапусціць да вянчання. Для кагосьці не важнае вянчанне ў касцёле само па сабе, а робіцца толькі з-за таго, што жонка пабожная. Павянчаемся, кажа яна, – тады за цябе выйду, а інакш і слухаць пра шлюб не хачу.

Мужчына і жанчына розных хрысціянскіх канфесій могуць пабрацца шлюбам пры выкананні адпаведных умоў. Гэта сёння здараецца вельмі часта. Але нават калі маладыя, напрыклад, вянчаліся ў праваслаўнай царкве, касцёл яго лічыць сапраўдным. У спрэчным выпадку пры разводзе сужэнец-католік усё адно павінен прайсці праз касцёльны суд.

«Суд ідзе!»

Працэс у біскупскім судзе праходзіць згодна з кананічным правам. Спачатку разглядаюцца пададзеныя дакументы. Суд мае месяц, каб прыняць альбо адхіліць пазоўную скаргу. Бярэцца пад увагу тое, як доўга існуе саюз, вывучаецца гісторыя сужэнства, калі і пры якіх умовах пазнаёміліся, як выглядаў перадшлюбны перыяд. Чалавек павінен пазначыць прычыну, чаму яго сужэнства падаецца несапраўдным, як гэта праяўлялася перад шлюбам і пасля заключэння сужэнства. Скарга прымаецца ў справаводства, выклікаюцца бакі і ўстанаўліваецца прадмет судовай спрэчкі.

Як і ў свецкім судзе, ёсць адвакаты: у касцёльнай тэрміналогіі – абаронцы сужэнскага саюза. Абавязковая прысутнасць абодвух бакоў, але калі хтосьці адмаўляецца, працэс можа весціся і без яго. І муж, і жонка (у першую чаргу пазоўнік) павінны мець некалькіх сведкаў. Гэта могуць быць сваякі альбо блізкія знаёмыя, якія назіралі за адносінамі пары да шлюбу і падчас сумеснага жыцця. Канешне, важна, каб сведкі самі былі добрымі вернікамі.

Каб мінімізаваць верагоднасць памылкі, пытанне вырашае калегіяльны трыбунал, куды, апроч афіцыяла, увахо­дзяць яшчэ два суддзі – ксян­дзы, прызначаныя непасрэдна біскупам. Прычым кожны выносіць рашэнне незалежна адзін ад аднаго, і затым праз галасаванне выносіцца супольны прысуд.

Напрыканцы працэсу робіцца пастанова, што гэты шлюб несапраўдны альбо заключаны з захаваннем усіх нормаў. Прысуд правамоцны і падлягае выкананню. Дэкрэт у наступным прад’яўляецца пробашчу, які будзе асвячаць новае сужэнства. З 22 вынесеных летась у дыяцэзіі прысудаў у чатырох выпадках суд не стаў на бок пазоўніка.

***

Галоўнае, лічыць ксёндз Сяргей Мацюшонак, заўсёды захоўваць цывілізаваныя адносіны, бо нянавісць – пачуццё, якое не характэрнае для сапраўднага хрысціяніна. Самой мэтай функцыянавання біскупскага суда, як і ўсяго касцёла, з’яўляецца перш за ўсё збаўленне душы чалавека. Важна не даказаць, сапраўдны шлюб альбо не, а каб бакі зразумелі, чаму іх сужэнства распалася, перасталі жыць у крыўдзе і пачалі глядзець на сябе ўзаемна з пашанай як на верніка, па-хрысціянску даруючы таму, хто быў побач. Ці, можа, задумаліся ў працэсе пра захаванне шлюбу і ўспомнілі клятву, якую давалі перад Богам.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ