Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Персона

Віктар Крэскіян: «Кожны мірны дзень як свята»

Знаёмыя пастаўчане параілі пагутарыць з Віктарам Рыгоравічам Крэскіянам. Маўляў, субяседнік цікавы, хоць мае паважаны ўзрост і даўно на пенсіі, але сувязь з рэчаіснасцю не згубіў, цвяроза ацэньвае сітуацыю, што склалася вакол нашай дзяржавы. У Год гістарычнай памяці перагарнуў старонкі свайго жыцця, на прыкладах перажытага з усім народам расказвае школьнікам тую праўду, якую так хочацца перапісаць многім замежным ідэолагам.

Хоць атрымала даволі дакладныя арыенціры, знайсці дом Крэскіянаў аказалася не так проста. Прыйшлося зайсці ў школьны двор, наўзгад накіравацца да бліжэйшага дома, каб удакладніць патрэбны адрас. Над галавой праляцеў мяч, услед за якім праімчаў натоўп хлапчукоў. На стук у дзверы на ганак выйшаў гаспадар. Аказалася, трапіла якраз да адрасата.

– Як бачыце, і на дзявятым дзясятку не адрываюся ад школьнага жыцця, – пажартаваў гаспадар, які пэўны час назад кіраваў гэтай навучальнай установай не адзін дзясятак гадоў, на ніве адукацыі заслужыў ордэн «Знак Пашаны» і званне «Выдатнік асветы СССР». – Дзяцінства – шчаслівы час. Мы ганялі па вуліцы не мяч, а кола ад веласіпеда, гулялі ў даганялкі, хованкі. Затое пашанцавала быць удзельнікамі вялікіх гістарычных падзей, прайсці праз суровыя выпрабаванні і пабудаваць суверэнную Беларусь. Вось сёлета адзначалі новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Вядома, узгадвалі ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Непасрэдных удзельнікаў тых гістарычных падзей ужо не засталося. А вось такія, як я, малалетнія сведкі, яшчэ ёсць. Штосьці памятаем самі, штосьці адклалася ў галаве з пачутага пазней ад дарослых.

17 верасня 1939 года, гаварыў Віктар Рыгоравіч, у іх вёсцы паблізу Пастаў з’явіліся чырвонаармейцы на конях. Свой лагер разбілі непадалёку ад іх хаты. «Прыйшлі Саветы, – у паўголаса загаварылі мужчыны, – цяпер будзем жыць без паноў». І сапраўды, у іх Казічах два вяскоўцы атрымалі зямлю былога асадніка. Больш не трэба было плаціць вялікія падаткі, стала можна хадзіць у панскі лес па дровы, у ягады і грыбы, пасвіць жывёлу на лузе.

У суседняй вёсцы адкрыўся магазін. Самым запатрабаваным таварам аказалася соль. Яе куплялі мяшкамі, бо каштавала ў параўнанні з ранейшым вельмі танна. Адным словам, прыход Саветаў простыя людзі ўспрынялі з радасцю. Дзеці ж радаваліся таму, што можна гаварыць па-беларуску, не баючыся быць пакараным настаўніцай.

Толькі не паспела савецкая ўлада набраць на заходніх тэрыторыях сілу, як грымнула Вялікая Айчынная. Іх вёсцы пашчасціла – уцалела. Але наўкол гарэлі дамы, лілася кроў. Немцы не даравалі людзям сувязі з партызанамі. А такіх з кожным месяцам станавілася ўсё больш.

– З суседняй вёскі, – гаварыў Віктар Рыгоравіч, – усе хлопцы і маладыя мужчыны пайшлі ў лес. І так было па ўсёй акупаванай ворагам тэрыторыі. Немцы лютавалі. Ідзі сюды, Ганначка! – паклікаў жонку. – Раскажы пра сваю вёску Малыя Калодзезі, што на Міншчыне, якой не стала на другі дзень пасля знішчэння Хатыні, пра тое, як бацька з братамі ваявалі супраць ворага.

Па чарзе, дапаў­няючы адзін аднаго, яны і расказалі пра ваенны лёс адной вёскі і адной сям’і, які перажылі многія беларусы.

Карнікі акру­жылі Малыя Кало­дзезі, паставілі на ўзгорку кулямёты, у нізіне ля дарогі — машыны. Ішлі шчыльнай шарэнгай з аўтаматамі, выганялі людзей з хат на вуліцу. Маладзейшых мужчын і хлопцаў грузілі на машыны. Хаты абкладвалі саломай і падпальвалі. Людзі, хто хаваўся ў іх, гарэлі зажыва. Вельмі шмат іх было спалена ў доме Мястоўскіх — бацькоў Ганны. Пахаваць загінулых не было каму. Толькі пасля вайны салдаты перанеслі астанкі спаленых вяскоўцаў у адну магілу.

Я не раз быў старшынёй выбарчай камісіі, адказна заяўляю, што Прэзідэнт заўсёды пакідаў далёка за сабой іншых прэтэндэнтаў на гэту пасаду. І мы вельмі спадзяёмся, што яго прадбачлівасць, пазіцыя нашай дзяржавы захаваюць мір на нашай зямлі. 

– Першым з нашай сям’і Мястоўскіх пайшоў у партызаны брат Фэлікс, які толькі што закончыў 10 класаў і быў камсамольцам, – расказвала Ганна Адамаўна. – У пачатку красавіка 1942 года ў лесе непадалёку ад Плешчаніц нашы хлопцы сустрэлі групу ўзброеных людзей. Гэта быў спецыяльна створаны, добра ўзброены і накіраваны ў тыл ворага разведвальна-дыверсійны атрад пад камандаваннем Пятра Рыгоравіча Лапаціна. 26 красавіка 1942 года Фэлікс стаў радавым партызанам атрада «Камунар». У хуткім часе да яго далучыўся бацька Адам, а пазней — старэйшы брат Антон.

Атрад «Камунар» хутка павялічваўся. У яго склад уліваліся невялікія групы мясцовых жыхароў і чырвонаармейцаў, якія ўцяклі з палону. Ужо летам 1942 года на базе гэтага і іншых партызанскіх фарміраванняў была створана брыгада «Дзядзі Колі» пад камандаваннем Пятра Лапаціна. Пры цесным узаемадзеянні з іншымі партызанскімі злучэннямі разгарнулася жорсткая барацьба з гітлераўскімі захопнікамі. Паляцелі пад адхоны варожыя эшалоны з салдатамі і баявой тэхнікай, узрываліся масты, знішчаліся лініі сувязі. Народныя мсціўцы нападалі на варожыя гарнізоны. Утварылася Барысаўска-Бягомльская партызанская зона, на якой не дзейнічалі акупацыйныя ўлады. Працавалі партызанскія аэрадром і шпіталь. Партызаны ўносілі свой уклад у Вялікую Перамогу.

Пасля таго як Беларусь была вызвалена ад акупантаў, Антон з бацькам Адамам наведаліся ў спаленую вёску. Пасядзелі на падмурку былой хаты. Успомнілі родных, якія ў пошуках паратунку адправіліся праз лінію фронту на ўсход і звестак пра якіх не мелі. Развіталіся. Бацька застаўся аднаўляць разбураную ўшчэнт гаспадарку. Сын стаў байцом Чырвонай арміі. Прайшоў пехацінцам доўгі шлях ад Мінска амаль да Вены. Усё зведаў: пераправы праз рэкі пад бамбёжкай азвярэлых фашысцкіх сцярвятнікаў, штурм пад кулямётным агнём умацаваных варожых пазіцый, смерць верных сяброў. Загінуць, скажа родным пазней, не баяўся. Баяўся быць пакалечаным і на ўсё жыццё застацца бездапаможным інвалідам.

А вось адважны парты­занскі разведчык Фэлікс Мяс­тоўскі прапаў без вестак. За 10 дзён да вызвалення Мінска ён пайшоў на заданне і не вярнуўся.

– Пасля вайны ў кожнага склаўся свой лёс. Я закончыла Мінскі педінстытут, трапіла на работу ў Пастаўскі раён, дзе аднастаўнічала 43 гады, – закончыла свой аповед Ганна Адамаўна.

– 77 гадоў пражылі пад мірным небам. Выгадавалі сына і дачку, маем унукаў. Для нас з жонкай, чыё пакаленне зведала чорную фашысцкую навалу, кожны мірны дзень як вялікае свята, – зноў уступіў у размову Віктар Рыгоравіч. – Думалі, што так будзе заўсёды. Ды не, зноў загрымела наўкол нашай краіны. Якіх толькі прычын не шукаюць, каб развязаць канфлікт. З языка не спускаюць прэзідэнцкія выбары. Я не раз быў старшынёй выбарчай камісіі, адказна заяўляю, што Прэзідэнт заўсёды пакідаў далёка за сабой іншых прэтэндэнтаў на гэту пасаду. І мы вельмі спадзяёмся, што яго прадбачлівасць, пазіцыя нашай дзяржавы захаваюць мір на нашай зямлі.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ