Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Туризм

Тунель ХІХ стагоддзя ў Віцебскім раёне знайшлі карэспандэнты “ВВ” пры дапамозе мясцовага жыхара

Не так даўно «Витебские вести» пісалі пра вадасцёкавы канал пад чыгуначным насыпам, што знаходзіцца ў абласным цэнтры на правым беразе Лучосы недалёка ад моста Шмырова. Ён узведзены з граніту на лініі чыгункі Віцебск – Смаленск – Арол у 1885 годзе і па сёння працягвае выконваць свае функцыі, абараняючы насып ад падмывання.

Праз некалькі дзён пасля публікацыі ў рэдакцыю пазваніў наш чытач Аляксей Конанаў і расказаў, што паміж пасёлкам Акцябрскі і станцыяй Забалоцінка таксама ёсць падобны калектар, але ён значна большы. Мы скарысталіся падказкай і выправіліся на пошукі.

У тым месцы чыгуначны насып, па вышыні амаль роўны пяціпавярховаму дому, хавае інжынерную канструкцыю ХІХ ст. на дне глыбокага рова, дзе цячэ безыменны ручай – прыток Лучосы. Калі спусціцца на ўсходні бок, можна ўбачыць калодзеж глыбінёй прыкладна 3 м і шырынёй каля 4 м. Напэўна, своеасаблівы адстойнік зроблены для таго, каб гасіць хуткасць плыні падчас паводкі. А што напор вады вясной тут даволі высокі, сведчыць арачны тунэль, у які можна патрапіць з заходняга боку насыпу. Калектар мае вышыню больш за 4 м і шырыню каля 2,5 м.

Не без складанасцей спусціўшыся ўніз, здзіўляешся тагачасным будаўнікам чыгункі. Маючы пад рукамі толькі гужавы транспарт, яны рабілі вялікія насыпы, з якімі б сёння і за месяц ці справіўся дзясятак шматтонных аўтамабіляў. А таксама майстравалі з нятаннага граніту складаныя інжынерныя канструкцыі. І ўсё для таго, каб даць дарогу ручаю. Але ў выніку на гэты тунэль будзе пазіраць яшчэ не адно пакаленне.

Мяркуючы па пратаптаных сцежках, сюды часта прыходзяць людзі. Але трэба быць абачлівым, бо калектар не абгароджаны і зверху парослы травой.

Фота Сяргея Кавалеўскага.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ