Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Здоровье

Урач-інфекцыяніст Браслаўскай ЦРБ: «Мы былі гатовыя да сустрэчы з каранавірусам»

Існуе нямала прафесій, якія, кажучы проста, не адпускаюць. У ліку іх і ўрачэбная справа. Ноччу, у выхадныя ці святочныя дні, у водпуску яна прымушае раз за разам у думках вяртацца да сваіх пацыентаў, перажытых сітуацый, аналізаваць правільнасць прынятых рашэнняў, сумнявацца… З гэтым трэба навучыцца жыць, прыняць за дадзенасць. Вольга Лакевіч зразумела гэта яшчэ ў студэнцкія гады, як і тое, што вымушана будзе адказваць за жыццё чалавека, з якім звядзе хвароба. Таму стараецца ведаць і ўмець як мага больш. Яна прайшла клінічную ардынатуру, стажыравалася ў абласных клініках.

І раней, а ў цяперашняй сітуацыі асабліва, ёй спатрэбіліся веды і вопыт, які набыла за 23 гады работы ў Браслаўскай раённай бальніцы спачатку як урач-тэрапеўт, а пазней як інфекцыяніст. Менавіта ёй і выпала быць у ліку тых, хто сустракае і процістаіць вірусу COVID-19.

– Ці страшна? — запыталася ў Вольгі Мікалаеўны. — Ці не баіцеся заразіцца самі, прынесці інфекцыю ў сям’ю?

– Не, – яе адказ быў спакойным. – Яшчэ да таго, як на Браслаўшчыне былі дыягнаставаны першыя выпадкі новага захворвання, мы былі гатовыя да сустрэчы з ім. Што тычыцца сям’і – мы з мужам абодва ўрачы, разумеем спецыфіку прафесіі і адно аднаго, можам параіцца, атрымаць слушную параду.

Так склалася, што Браслаўш­чына з каранавіруснай інфекцыяй сутыкнулася ў вобласці ў ліку апошніх, таму медыкі мелі час для падрыхтоўкі.

Браслаўскія медыкі да першых зваротаў у паліклініку пацыентаў з сімптомамі віруснага паражэння мелі поўную экіпіроўку, асабістыя сродкі аховы, пратаколы аказання дапамогі… Адміністрацыя ЦРБ тэрмінова змяніла рэжым прыёму хворых, работы паліклінікі і бальніцы, развяла патокі пацыентаў.

Першых хворых адправілі на лячэнне ў суседні раён, дзе памяшканне інфекцыйнага аддзялення было ізалявана ад іншых. Але рыхтавалі месцы і ў сябе для прыёму людзей з СОVІD-19. Пакуль занята толькі трэць рэзерву, што дазваляе кожнаму пацыенту выдзеліць персанальную палату. Як падкрэслівае ўрач, практычна ўсе з магчымасцю падачы кіслароду.

– Але пакуль толькі адзін пацыент мае патрэбу ў ім, – удакладніла Вольга Лакевіч. – У астатніх хвароба працякае спакойна. Патрэбных для лячэння прэпаратаў хапае. Практычна штодня вялікая колькасць сродкаў індывідуальнай аховы паступае з галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя. Таму масак, камбінезонаў, рэспіратараў, антысептыкаў хапае. У барацьбе з пандэміяй руку дапамогі працягнулі і самі браслаўчане. На дабрачынны рахунак, створаны ў ЦРБ, пералічваюць грошы, якія выкарыстоўваюцца для набыцця сродкаў індывідуальнай аховы і медыцынскага інструментарыя. Маскі, рэспіратары і ахоўныя камбінезоны таксама атрымала бальніца ад віцебскіх і мінскіх валанцёраў. Адным словам, у нашай установе ёсць усё для работы медыкаў, дыягнаставання захворвання і яго лячэння.

Частка хворых ужо вылечана і выпісана. Усё ў штатным рэжыме.

Але алгарытм лячэння новага захворвання ў кожнага ўрача напрацоўваецца і ўласным вопытам. Вольга Мікалаеўна пільна сочыць за станам сваіх пацыентаў і, зыходячы з яго, уносіць змяненні ў рэкамендаваны курс тэрапіі. На работу спяшаецца задоўга да афіцыйнага пачатку дня. Апранае ахоўны касцюм (добра, што на вуліцы не спякотна) – і ў «брудную» зону. Перш-наперш цікавіцца ў дзяжурнай медсястры самаадчуваннем хворых, правярае ў іх насычэнне арганізма кіслародам. Дабаўляе ці замяняе лекі, і з кожным паразмаўляе, патлумачыць, падтрымае, што часам лечыць не горш, чым прэпараты. Спакойная, упэўненая, яна дае надзею на выздараўленне.

– Увага да СОVІD-19 цяпер празмерна вялікая, работу медыкаў параўноўваюць з подзвігам, – разважаў галоўны ўрач Браслаўскай ЦРБ Аляксандр Макарэвіч. – А я б сказаў так: для медыкаў гэта звычайныя будні. Як цяпер, так і раней яны працавалі не менш самааддана. Спадзяюся, што з экстраардынарнай сітуацыяй не сутыкнёмся. Спакойна будзем аказваць медыцынскую дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Мы набіраемся вопыту ў барацьбе з новым вірусам, больш уважлівым да асабістай гігіены становіцца і насельніцтва. На ўсё патрэбны час. Справімся і з гэтай хваробай.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ