Гасцей з розных куткоў нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа прымаў фестываль. У час афіцыйнага адкрыцця разам са старшынёй райвыканкама Ігарам Кузняцовым прысутных вітаў прадстаўнік ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Санака Самарасінха.
Свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» па праву трапіла ў каляндар турыстычных падзей Беларусі на гэты год. Арганізатары пастараліся напоўніць яго новымі мерапрыемствамі, а ў традыцыйных акцэнтаваць увагу на тым, чым вылучаецца пэўны сельсавет з шэрагу іншых. Таму кожнае з дзесяці падвор’яў мела свой твар, сваю асаблівасць. На Перабродскім працавала «Зялёная аптэка». Яе гаспадыня – загадчыца Забалоцеўскай бібліятэкі-клуба Людміла Белая частавала гасцей іван-чаем, які па смаку не ўступаў індыйскаму, а жадаючым давала ўрокі па правільным яго гатаванні.
На Нікалаёўскім гучалі задорныя песні і ногі гасцей самі пускаліся ў пляс. Пакінуўшы стрыманую строгасць, полечку-трасуху станцавалі нават члены журы.
На Дзісненскім шырока прадстаўлялі свае вырабы майстры тамашняга Дома рамёстваў. А кіраўнік гурткоў гэтай установы Людміла Ганебная праводзіла майстар-клас па пляценні паясоў.
Казачныя героі – Лясун, Баба-Яга, іх дачка Журавінка і Чорт – спраўлялі баль на Язненскім падвор’і – рэкламавалі сваё жытло — балота Жада, якое таксама мае статус рэспубліканскага заказніка. Багатая фотавыстаўка, цікавыя расказы ды байкі яго насельнікаў збіралі шматлікіх слухачоў.
Нельга было прайсці міма Узмёнскага падвор’я, пры ўваходзе ў якое стаяў пчаляр са слоікамі мёду і бутэлькамі, трэба меркаваць, медавухі. Андрэй Сцепулёнак пчалавод спрактыкаваны. Даглядае ў ААТ «Узмёнскі край» 140 калод пчол, у лепшыя гады адкачваў да 2 тон мёду. Праўда, сёлета, прызнаўся, «ураджай» на яго пасецы меншы. Пчолам, як і журавінам, пашкодзіла надвор’е. Калі ў папярэднія гады жанчыны лёгка збіралі па бульбяному мяшку ягад, то сёлета за гэтакі ж час толькі па паўтара вядра. Прычыну дырэктар ДУ «Ельня» Іван Барок патлумачыў так:
— Сёлета журавіны пачалі цвісці ў канцы мая-пачатку чэрвеня, калі стаяла засуха. Гэта не лепшым чынам паўплывала на колькасць завязяў, затое ягады буйныя, асабліва ўздоўж нашай экалагічнай сцежкі.
Аднак умовы для добрых ураджаяў мы імкнёмся стварыць. Пабудавалі дзясяткі плацін і такім чынам павышаем узровень грунтовых і павярховых вод, аднаўляем сфагнавае пакрыццё некалі выпаленых месцаў. Спецыялісты лесу сярод прычын адзначаюць і сквапнасць самога чалавека, які збірае ягады забароненымі спосабамі – грэбнямі, кружкамі, камбайнамі, металічнымі і пластмасавымі крышкамі.
Але нягледзячы на недарод ягад, усе, хто хацеў набыць журавіны, змаглі купіць іх у палатцы мясцовага спажывецкага таварыства. І не было ніводнага падвор’я без налітай чырванню ягады.
На Завуцеўскім падвор’і майстар-клас па прыгатаванні страў з журавін давалі члены клуба нацыянальнай кухні Цвецінскага Дома культуры. Пяклі бліны з журавінным варэннем, варылі соус для мяса і кісель.
Адным словам, паглядзець і павучыцца на свяце было на што і чаму. Сваю прадукцыю дэманстравалі і прадавалі рамеснікі і мясцовыя прадпрыемствы, добрыя ўмовы для адпачынку прэзентавалі аграсядзібы, відэавыставу «Подых Ельні» дэманстравалі работнікі заказніка, свае пляцоўкі для забаў мела дзятва. А грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіла экскурсіі для тых, хто хацеў паназіраць за жураўлямі.
Па словах Івана Барка, на Ельню прыляцела ўжо каля 4 тысяч птушак. А за восень тут корміцца і адпачывае каля 35 тысяч. Іх прыгожыя танцы і трубныя крыкі не адзін тыдзень абуджаюць цішыню тутэйшых мясцін, а ў свеце зрабілі найпапулярнейшай птушкай.
Аднак гэта не гарантуе ім бяспеку ў далейшым шляху ў цёплыя мясціны і вяртанні вясной на радзіму. У далёкім Судане загінуў Ах,я, які нёс на сабе найсучаснейшы перадатчык (газета пра яго пісала раней). Тамашні фермер застрэліў птушку і пазбавіў навукоўцаў і ахоўнікаў прыроды магчымасці сачыць за шляхамі міграцыі жураўлёў. Гэта не адзіная страта. Санака Самарасінха, напрыклад, быў здзіўлены тым, што мясцовыя жыхары не процістаяць прыезджым «аматарам прыроды», якія на вялікіх машынах імкнуцца даехаць да самага балота, коламі праразаюць глыбокія каляіны і нішчаць тое, што імкнецца зберагчы заказнік. Пра розныя маленькія і вялікія праблемы таксама гаварылі на свяце, якое адной з мэт мае экалагічнае выхаванне насельніцтва.
Фота Тамары Пашкевіч.