Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Па слядах «Паўночных», альбо Пра дзейнасць дыверсійна-разведвальнай групы ў Глыбоцкім раёне

Калектыў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея лічыць найбольш важным накірункам сваёй дзейнасці работу па захаванні гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, па ўвекавечанні памяці франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў.

На падставе сабраных матэрыялаў можна меркаваць пра размах антыфашысцкага руху ў рэгіёне. Прыкладаў, якія пераканаўча сведчаць пра гэта, шмат. Пра адзін з іх – дзейнасць дыверсійна-разведвальнай групы «Паўночныя» на Глыбоччыне – расказаў навуковы супрацоўнік музея Ігар Фёдараў.

– 5 ліпеня 1941 года для арганізацыі разведвальна-дыверсійнай работы ў тыле ворага была створана Асобая група пры наркаме ўнутраных спраў СССР. Пазней яна прайшла некалькі рэарганізацый і з красавіка 1943 года была вядома ўжо як 4-е ўпраўленне НКДБ СССР. Перад адпраўкай аператыўныя групы праходзілі грунтоўную падрыхтоўку. Іх камандзірамі звычайна назначалі кадравых супрацоўнікаў органаў бяспекі, якія былі знаёмы з мясцовасцю, прызначанай для дзейнасці падраздзялення. Кіраўніком групы «Паўночныя» быў Пётр Мікітавіч Максіменка, які да вайны ўзначальваў Глыбоцкі раённы аддзел Наркамата дзяржаўнай бяспекі.

 Самалёт з «Паўночнымі» прызямліўся на партызанскім аэрадроме каля Бягомля 24 кастрычніка 1943 года. Перад групай стаяла баявая задача: разведка (атрыманне дадзеных пра перамяшчэнне нямецкіх войскаў, іх колькасць і ўзбраенне, выяўленне месцаў знаходжання складоў), контрразведка (выкрыццё варожых агентаў і дыверсантаў) і, нарэшце, правядзенне дыверсій на чыгунцы і іншых аб’ектах, якія мелі істотнае значэнне для акупантаў, як то электрастанцыі, вузлы сувязі, майстэрні, прамысловыя прадпрыемствы і інш.

Сярод паспяховых дыверсій варта згадаць выбухі ў студзені 1944-га на шаркаўшчынскай, а ў чэрвені таго ж года на глыбоцкай электрастанцыях, знішчэнне ў лютым складоў глыбоцкага аддзялення Цэнтральнага гандлёвага таварыства «Усход», дыверсіі на чыгуначнай станцыі Глыбокага ў маі, у чэрвені – на чыгунках акругі, якія прынеслі акупантам заўважныя страты.

Пра адну з такіх дыверсій Ігар Фёдараў расказаў больш падрабязна. Адным з лютаўскіх дзён 1944 года ў будынак Цэнтральнага гандлёвага таварыства ў Глыбокім зайшлі тры чалавекі, якія прадставіліся камерсантамі. На самой справе гэта былі мясцовыя падпольшчыкі, падрыхтаваныя байцамі «Паўночных» і забяспечаныя імі пяццю маламагнітнымі мінамі, схаванымі на дне кошыка. У прызначаны час дыверсанты пад маскамі гандляроў зайшлі ў кантору таварыства, дзе іх ужо чакаў яе кіраўнік. Атрымаўшы ад гасцей багатыя падарункі, немец з ахвотай пачаў размову пра магчымыя ўзаемавыгадныя гандлёвыя аперацыі. Для пэўнай канкрэтыкі «камерсанты» папрасілі яго паказаць тавар, якім валодала таварыства. Пакуль начальнік знаёміў сваіх новых кампаньёнаў са змесцівам складоў, адзін з іх і ўсталяваў міны. Каб не зыходзіць з пустымі рукамі, падпольшчыкі зрабілі некалькі дробных пакупак і, развітаўшыся з задаволеным немцам, заспяшаліся да выезду з гораду.

У выніку рызыкоўная сумесная аперацыя «Паўночных» і падпольшчыкаў, праведзеная пад бокам нямецкай жандармерыі, скончылася тым, што апоўначы 18 лютага 1944 года пасля моцных выбухаў пачаўся пажар, які ўшчэнт знішчыў склады Цэнтральнага гандлёвага таварыства.

З пачаткам аперацыі «Баграціён» «Паўночныя» актывізавалі разведвальную дзейнасць. Каб ахапіць больш ваенных аб’ектаў для вядзення разведкі і забяспечыць хуткую дастаўку дадзеных на базу, кожны дзень байцы праводзілі рэйды на конях, пераадольваючы па 50 – 70 кіламетраў. Гэта дазваляла штодня здабываць інфармацыю пра ворага ў трохкутніку Глыбокае – Паставы – Шаркаўшчына.

Акрамя дыверсійна-разведвальнай групы «Паўночныя», на тэрыторыі Глыбоцкага раёна ў розны час дзейнічала яшчэ некалькі атрадаў падобнага характару. З упэўненасцю мы можам канстатаваць, што савецкія дыверсійна-разведвальныя групы зрабілі важны ўнёсак у актывізацыю партызанскай барацьбы ў Беларусі і вызваленне нашай краіны.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ