Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Калектыў беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Расіца» з Бiгосава захоўвае спадчыну свайго краю

Бігосаўскія гаспадыні, аб’яднаўшыся ў калектыў беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Расіца», захоўваюць спадчыну свайго краю.

 

Людзі, якія лічаць, што ў краіны і народа ёсць моцны фундамент – нацыянальная культура, традыцыйны побыт, векавыя абрады, – разумеюць, што, каб пабудаваць штосьці новае, трэба захоўваць спадчыну. Гэта правераная стагоддзямі мудрасць народа, яго здабыткі. Сярод такіх шчырых беларусаў – творчыя жанчыны з верхнядзвінскай глыбінкі, Бігосаўшчыны.

У канцы мінулага стагоддзя, калі ўсё наўкол рушылася ў перабудовачнай віхуры, а традыцыйныя стравы беларусаў агрэсіўна выцяснялі з жыцця фудкорты і хот-догі, гаспадыні вырашылі ратаваць ад занядбання і перадаваць новым пакаленням тое, што ім блізка. Гэта старадаўнія гульні, абрады, звычаі, народныя і кулінарныя традыцыі свайго краю, нацыянальныя стравы здаровай кухні.

Так у сельскім Доме культуры нарадзілася аматарскае аб’яднанне «Гаспадынька», члены якога па ўласнай ініцыятыве адправіліся па вёсках. Сустракаліся са старажыламі, занатоўвалі іх расказы аб тым, што і як гатавалі іх матулі і бабулі, якія абрады былі абавязковымі падчас заручын, вяселля, хрысцінаў, наваселля, у пачатку веснавых работ і па іх заканчэнні. У выніку былі запісаны сведчанні аб круга­звароце жыцця, якога строга прытрымліваліся жыхары краю.

Пра яго сёння можна даведацца ў альбоме-скарбніцы «Спадчына». Акрамя гэтага, у ім старанна занатоўваюць і беражліва захоўваюць прыказкі, прымаўкі, дыялектныя словы, характэрныя для Бігосаўшчыны.

З цягам часу «Гаспадынька» падрасла і ў 2011 годзе змяніла статус аматарскага аб’яднання на званне (цяпер найменне) «народны калектыў беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Расіца».

У ліку першых у «Расіцу» прыйшла Людміла Андрэева. Шмат гадоў членамі калектыву з’яўляюцца Наталля Амярханава, Іна Анашка, Зінаіда Лакотка, Валянціна Пісарава, Надзея Станевіч, Тамара Шкунова, Ніна Якаўлева. Гатуюць, як правіла, тое, што лепш за ўсё атрымліваецца: у кагосьці бліны, дранікі, піражкі, у кагосьці — сыр, салёнае сала або запечанае мяса. У кулінарным «арсенале» бігосаўскіх гаспадынь дзясяткі ўнікальных рэцэптаў.

Зараз у «Расіцы» налічваецца 15 жанчын рознага ўзросту, якія не проста любяць гатаваць, але і ведаюць толк у гэтай справе, неабыякавыя да фальклору 

– Многія стравы на сучасных кухнях ужо не гатуюць. Турботна, лічаць гаспадыні, – кажа загадчык сельскага Дома культуры Марына Кіч. – Для саладухі жыта трэба намачыць, прарасціць, змалоць, зварыць у печы і прытаміць, як кашу. Страва за кошт прарошчанага збожжа атрымліваецца салодкай. Іншая справа каша-ржаніца, якую бігосаўскія жанчыны і цяпер гатуюць з задавальненнем.

Сама Марына Кіч выдатна гатуе па рэцэптах сваёй матулі і бабулі дамашнюю і пячоначную каўбасу, камы, студзень.

З такім багажом ведаў і рэцэптаў члены «Расіцы» – нязменныя ўдзельнікі раённых і многіх абласных мерапрыемстваў. Сёлета, напрыклад, на абласным свяце аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст» у Шаркаўшчынскім раёне яны занялі 2-е месца за выставу-прэзентацыю страў і пачастункаў па старадаўніх рэцэптах свайго краю. Лаўрэатам I ступені калектыў стаў на абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца – 2023».

Вылучыліся гаспадыні на свяце нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі» ў Талачыне. За лепшыя афармленне і прэзентацыю нацыянальнай кухні «Расіца» ўзнагароджана дыпломам
I ступені ў намінацыі «Стравы нацыянальнай кухні». Ніна Якаўлева правяла майстар-клас па прыгатаванні таджыцкіх нацыянальных страў, пакарыла журы самсой, разнастайнымі мантамі і напоем з вінаграду «Варзоб». Вольга Гендзік вучыла гатаваць рускія нацыянальныя стравы: курнік, збіцень і інш. Марына Кіч дэманстравала прыгатаванне стравы Верхнядзвінскага раёна «Сарокі». Люся Швед прадстаўляла ўкраінскую нацыянальную кухню: боршч, варэнікі, напой «Саматканачка». Рэцэпты ад «Расіцы» павезлі дахаты многія ўдзельнікі фестывалю.

– Простыя ў гатаванні, смачныя і здаровыя стравы з’явяцца на сталах беларусаў, вернуць кухні нацыянальны каларыт і паслужаць умацаванню здароўя. Так рэалізуецца наша мэта па захаванні і распаўсюджванні народнай спадчыны, – упэўнена Марына Кіч.

Фота дадзена калектывам «Расіца».


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ