Жанчына нарадзілася ў вёсцы Дабрынь Ельскага района на Гомельшчыне, якая знаходзіцца прыблізна ў 100 км ад украінскай Прыпяці. На момант выбуху на Чарнобыльскай АЭС Алена навучалася ў сёмым класе.
— Калі грамадства даведалася пра аварыю, я ўжо адпачывала ў піянерскім лагеры «Зубраня», пуцёўку ў які атрымала за поспехі ў вучобе. Для вясковай дзяўчынкі, якая да гэтага практычна нідзе не была, паездка стала значнай падзеяй у жыцці. Аднак на прыканцы змены мяне чакала яшчэ больш шакавальная навіна. Дзяцей, якія прыехалі з так называемай «чарнобыльскай зоны», сабралі ў актавай зале і аб’явілі, што ў сувязі з трагедыяй на атамнай станцыі мы застаемся ў лагеры на нявызначаны час, — успамінае Алена Дошчыц. — Мы не маглі зразумець, чаму нас не адпускаюць дамоў, да бацькоў. Але на ўсе нашыя пытанні ў дарослых быў толькі адзін адказ: «Так трэба».
Не стала жыццё ранейшым і пасля вяртання ў родную хату ў чэрвені. Дзіцяці прыходзілася адмаўляцца ад звыклых рэчаў, прымаць новыя правілы паводзінаў.
— На гародзе з’явіліся першыя клубніцы — самыя смачныя і жаданыя. Натуральна, я збіралася, як звычайна, пабегчы і задаволіць свой апетыт, але маці не дазволіла. Як такое можа быць? У маленькай галаве гэта не ўкладвалася, — адзначае Алена Дошчыч.
У 1990 годзе сям’я Дошчычаў пераехала ў Пальмінку на Гарадоччыне — бацькі хацелі адвезці дзяцей як мага далей ад радыяцыі. Алена Мікалаеўна да сёння жыве і працуе там настаўніцай у школе.
— Мы з мужам, які таксама родам з Гомельшчыны, і дзецьмі штогод наведваем могілкі на малой радзіме. Кожны раз там на мяне з новай сілай нахлынваюць успаміны таго жахлівага дня, які перайначыў лёс многіх людзей, у тым ліку і мяне, — кажа яна. — Тэма Чарнобыля мне заўсёды блізкая. Са сваімі вучнямі я традыцыйна правожу класныя гадзіны, урокі-роздумы і рэквіемы, педагагічныя майстэрні, таксама распавядаю пра перажытае ўласным дзецям.
Алена Дошчыч упэўнена, што толькі памяць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС можа быць надзейнай заслонай ад паўтарэння тэхнагеных катастрофаў у будучым. Гэтую думку яна раскрыла ў адным са сваіх вершаў, які завяршаецца наступнымі радкамі:
«…Людзі, помніце! Не забывайце!
Жыць у міры і шчасці давайце!
Мне Чарнобыль баліць…
Мне яго не забыць…»
Фото Дзмітрыя ОСІПАВА.