Шматкватэрны сектар Міёр, сацыяльныя ўстановы горада атрымліваюць цяпло ад цэнтральнай кацельні «Паўночная».

З’яднаны калектыў адказвае за камфорт міярчан, тут выпадковых людзей няма. Кожны з усёй паўнатой адказнасці адносіцца да выканання службовых абавязкаў.
Майстар аб’екта Алег Падзява ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі працуе дзесяць год. Спачатку адказваў за эксплуатацыю кацельняў, размешчаных у раёне. Трэці сезон працуе на «Паўночнай».
– Работа складаная і адказная, – кажа Алег Падзява. – У кругласутачным рэжыме трэба пільна сачыць за спраўнасцю ўсіх механізмаў. Памылак у гэтай справе быць не можа. Усталяваны тры катлы сумарнай магутнасцю 30 мегават. Кацельня можа працаваць на двух відах паліва: дранка і прыродны газ. Дранка – мясцовы від паліва, яго закуп мы праводзім па папярэдняй дамоўленасці з Дзісненскім лясгасам. У рэжыме 24/7 у нас працуюць чатыры змены спецыялістаў па тры ў кожнай, дадаткова яшчэ два электрыкі і адзін электрагазазваршчык.
На 2026 год запланавана рэканструкцыя «Паўночнай». Будзе праведзена замена катлоў 1989 года выпуску на сучасныя энергаэфектыўныя. Плануецца ўстаноўка трох катлоў на дранцы магутнасцю па 3,5 мегавата кожны і двух газавых – магутнасцю па 4,5 мегавата.
Крыніцай папаўнення жыццёвых сіл для мужчыны з’яўляецца сям’я – жонка Аксана і дачка Дана. Спадарожніца жыцця ўзначальвае сектар культуры Міёрскага райвыканкама, а дачушка ходзіць у шосты клас СШ № 2.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.






