Ландшафтна-гідралагічны заказнік «Скрыпуцёва» з’яўляецца адной з адметных мясцін Талачынскага раёна і ўключаны ў турыстычны маршрут. Яго асновай стаў парослы векавымі дрэвамі глыбокі роў, на дне якога бруіцца гаючы выток.
Над крыніцай, якую называюць Скрыпуцёвай, усталяваны памост і каплічка з абразкамі. Здавён у нядзелю перад Спасам наваколле напаўнялася людзьмі. На траве расцілалі абрусы, выстаўлялі ежу і напоі. Дасціпныя мясцовыя мужыкі называлі Скрыпуцёву нядзелю Босым кірмашом: лета, жнівень і вялікі басаногі натоўп. А яшчэ – кірмаш з рознымі таварамі. Невядома, калі з’явілася гэтая традыцыя, але яна працягваецца і па сёння, праўда, не ў такім фармаце. Сюды прыязджаюць не толькі жыхары раёна, але і людзі з Магілёўшчыны і Міншчыны.
Вада з крыніцы насычана ёдам, мала ўтрымлівае жалеза, добра ўплывае на кровазварот, ачышчаючы арганізм ад шлакаў, у тым ліку і ад алкагольных (так сцвярджаюць дасведчаныя людзі). Скрыпуцёўская вада добра гоіць раны. А памыешся – скура становіцца мяккай, нібы спажылася найлепшым крэмам. Кажуць, вада таксама дапамагае хворым на ныркі.
Як і ўсялякае паломніцкае месца, Скрыпуцёва крыніца мае процьму гісторый. Па некаторых звестках, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі мяжа паміж Польшчай і Расіяй праходзіла па рацэ Друць, купцы-кантрабандысты, што абыходзілі талачынскую мытню, не абміналі Скрыпуцёву крыніцу. Адпачывалі каля яе, спаталялі смагу.
Хто такі быў Скрыпуць, імем якога названа крыніца (а цяпер і заказнік), дзе жыў, чым займаўся – невядома. Магчыма, быў уладальнікам гэтай зямлі, магчыма, першым, хто пабудаваў тут каплічку. У любым выпадку імя яго знітавалася з адметнай мясцінай, з такой праявай цудадзейнай беларускай прыроды.
Источник фото http://www.fotobel.by