Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік: «Прыёмы — запатрабаваная форма работы з насельніцтвам»

На сайце Пастаўскага райвыканкама была аб’ява, што старшыня раённай выканаўчай улады Сяргей Чэпік у гэты дзень вядзе прыём грамадзян у будынку Дома культуры ў Пятым гарадку. Хоць Паставы па мерках сельскіх раённых цэнтраў горад не маленькі, але, падалося, ці не занадта імкнецца ўлада быць бліжэй да чалавека? Гэтай сваёй думкай падзялілася з Сяргеем Васільевічам, да якога таксама зазірнула на выязны прыём у Дом культуры.

Да старшыні райвыканкама якраз завітала жыхарка мікрараёна, якая прыйшла падзякаваць за абноўлены асфальт на вуліцы да ўстановы культуры, за прыгажосць вакол яе будынка, за дагледжанасць месца, дзе палюбілі гуляць маладыя мамы з дзіцячымі каляскамі ды бабулі з унукамі. Усе, казала, радуюцца дагледжанасці тэрыторыі, роскашы кветнікаў на ёй і наогул таму, што ў іх горадзе і мікрараёне ў прыватнасці год ад года жыццё становіцца ўсё больш камфортным.

– Пачуць такую ацэнку прыемна, – сказаў кіраўнік раёна.– А тое, што на прыём не набралася наведвальнікаў, таксама факт добры. Значыць, у мікрараёне няма праблем, рашэнне якіх патрабуе ўмяшальніцтва ўлады на ўзроўні кіраўніцтва раёна. Самі ж прыёмы — запатрабаваная форма работы з насельніцтвам. У людзей ёсць магчымасць трапіць да кіраўнікоў любога рангу, паскардзіцца ці папрасіць садзеяння ў вырашэнні хвалюючых іх праблем, выказаць свае меркаванні па тым ці іншым пытанні.

Яны неабходныя і прад­стаўнікам улады, бо звароты агаляюць вузкія месцы ў арганізацыі работы розных службаў, адказных работнікаў, падказваюць, што ў іх трэба змяніць.

– Ва ўлады ёсць магчымасць дапамагчы чалавеку справай або падказкай, куды яму трэба звярнуцца, патлумачыць дзеючае заканадаўства. Кіраўніцтва раёна заўсёды гатова да адкрытага і шчырага дыялогу. Адным словам, зваротам грамадзян удзяляем шмат увагі, – адзначыў старшыня райвыканкама.

У аддзеле юрыдычным, па рабоце са зваротамі грама­дзян і юрыдычных асоб райвыканкама пацвердзілі, што асабістыя прыёмы кіраўнікоў на сваім рабочым месцы і на выездзе, «прамыя лініі», правядзенне адміністрацыйных працэдур па прынцыпе «аднаго акна» істотна паўплывалі на павышэнне аўтарытэту ўлады ў насельніцтва. Пастаўчане ведаюць: іх законная прэтэнзія будзе разгледжана і прынята станоўчае рашэнне. Звярнуўся, напрыклад, да намесніка старшыні райвыканкама жыхар аграгарадка Навасёлкі з просьбай адрамантаваць пад’езд да вёскі Кебнева. Камісія выехала, пераканалася ў абгрунтаванасці заявы, і ДРБУ-132 зрабіла рамонт дарогі. У Варапаеве па звароце мясцовага жыхара таксама былі зроблены падсыпка і грэйдзіраванне вуліцы 17 Верасня, толькі ўжо сіламі ЖКГ.

Прыёмы — запатрабаваная форма работы з насельніцтвам. У людзей ёсць магчымасць трапіць да кіраўнікоў любога рангу, паскардзіцца ці папрасіць садзеяння ў вырашэнні хвалюючых іх праблем, выказаць свае меркаванні па тым ці іншым пытанні.

Згодна са статыстыкай за сем месяцаў да кіраўніцтва раёна паступіла 85 зваротаў – на 4,9 % больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. 37 былі пададзены ў пісьмовай форме, 12 – у электроннай, астатнія на асабістых прыёмах. У асноўным пытанні тычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі і жыллёвага фонду, утрымання дарог, работы сацыяльных служб. Заяўляльнікі турбаваліся пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў, хадайнічалі аб паляпшэнні жыллёвых умоў, якасці аказання паслуг вода-, электра- і газазабеспячэння, утрымання вулічна-дарожнай сеткі, цікавіліся парадкам атрымання арэнднага і сацыяльнага жылля, месца ў інтэрнаце.

Больш, чым летась, паступіла зваротаў па рабоце гандлёвых прадпрыемстваў, устаноў аховы здароўя. І гэта сігнал, што дзве вялікія і важныя сацыяльныя службы патрабуюць больш увагі і кантролю з боку мясцовай улады. І наадварот, вострых і канфліктных пытанняў па землеўпарадкаванні і землекарыстанні стала менш. Значыць, у службах навялі парадак, сталі працаваць больш дакладна і адказна.

У ліку 85 зваротаў былі і тры калектыўныя. Два мелі пад сабой рэальныя падставы. У адным выпадку людзі прасілі ліквідаваць падтапленне падвала ў іх доме, у другім – прафіліравання дарогі на Дунілавічы. Па абодвух было прынята станоўчае рашэнне. Трэці зварот будаваўся на чутках пра магчымае закрыццё аднаго з магазінаў. Улада сустрэлася з заяўляльнікамі, абвергла чуткі і параіла не паддавацца на розныя правакацыі.

– Ніводны зварот, які паступіў кіраўніцтву райвыканкама, у яго структурныя падраздзяленні, сельвыканкамы, не застаўся без увагі, – падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела юрыдычнага, па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Таццяна Васільчанка. – Абсалютная большасць вырашана, некаторыя застаюцца на кантролі і маюць тэрміны для выканання, і ўсім дадзены адказ з тлумачэннем таго ці іншага рашэння. Паўторныя звароты – з’ява рэдкая, часцей яны з’яўляюцца, калі чалавек шукае вырашэння сваёй праблемы па-за рамкамі дзеючага заканадаўства.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ