Учора пачула пра тое, што ў краіне распачынаецца акцыя «Беларусь адзіная». Я не вельмі люблю розныя там акцыі, бо часам іх праводзіцца зашмат. Але сэнс назвы «Беларусь адзіная» быццам дзідай уваходзіць у сэрца кожнага, хто дбае пра ўласную будучыню і будучыню сваёй Радзімы. Да таго ж чаму б мне як асобна ўзятаму грамадзяніну сваёй рэспублікі не паразважаць на гэтую тэму? Актуальнасць яе на паверхні, і пераконваць у гэтым не імкнуся. Без філасофіі адзінства любая разумная істота не адбудзецца ў адпаведным вымярэнні. А тут – цэлая краіна, нацыя, дзяржава, народ. Вы скажаце, высокія словы. Няхай, звернемся да таго, што побач.
Мы думаем пра адзінства сваёй сям’і. І бачым: шчаслівыя сем’і там, дзе ўсе разам, дзеці паважаюць бацькоў, старэйшыя клапоцяцца пра сваіх нашчадкаў. Нават белая зайздрасць з’яўляецца, калі назіраеш, як дружная сям’я пераадольвае любую перашкоду. Зайздрасць – дрэннае пачуццё, няхай будзе гонар. За тых, хто і ў радасці, і ў няшчасці заўсёды разам. І калі нават на адлегласці, галоўнае – разам ментальна.
Роспач находзіць, калі бачыш, як разбураюцца сем’і. Маладыя, яшчэ і не нажыліся, разышліся. Быццам бы характарамі не сышліся, ці яшчэ якая навала здарылася – не сцярпелася, не злюбілася. Сталыя разыходзяцца, калі зашкальваюць эмоцыі, перацягвае сквапнасць, цяга да матэрыяльнага. Часам у апраўданне кажуць: ад кахання да нянавісці адзін крок. Але ж гэты крок існуе і наадварот. Адрэзаць лягчэй, чым склеіць. Адзінства ў сям’і – гэта праца, штодзённая, шэрая. Радасць наведваецца нячаста. Праз гады разумееш, калі ў сям’і мір, гэта і ёсць шчасце.
Адпаведна, мір у краіне. Ці ж гэта не галоўнае? Мірнае неба дазваляе мне лёгка дыхаць, вольна думаць, рабіць тое, што прыносіць задавальненне. Асабіста мяне задавальняе, калі адчуваю моц ад адзінства зямлі, на якой жыву, ад спелага жыта на полі, ад пачутага роднага слова, ад чысціні крынічнай вады. Мая Бацькаўшчына дазваляе мне быць самадастатковай. Беларусь адзіная – і гэтым усё сказана. Яна існуе для мяне, для цябе, для кожнага, хто верыць у непарушнасць сваёй Радзімы.
Святлана Дзядзінкіна.