Унікальная спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст” у вёсцы Багатырская Полацкага раёна атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Чым жа адметная гэта самабытная традыцыя, што ўваходзіць у залаты фонд рэгіянальнай народнай культуры Полаччыны, з’яўляецца яе своеасаблівым брэндам? Выканальніцы разбіваюцца на групы і па чарзе падхопліваюць адну і тую ж музычную фразу, спяваючы так званым канонам. Першы гурт гучна заводзіць радок песні, а другі паўтарае яго. Прычым кожны наступны ўступае раней, чым мелодыю скончыць папярэдні. Спеў разліваецца шырока, працяжна, свабодна, ствараючы касмічны эфект непарыўнага гукавога колазвароту са шматлікімі водгаласамі і пераклічкамі. На адзiн напеў можа выконвацца некалькі тэкстаў, якія перадаюць і радасць, і сум, і гора, і спадзяванне.
Сёння на Полаччыне, як адзначыла намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры Ірына Крыванос, старажытныя песні не проста гучаць са сцэны, а жывуць у натуральным асяроддзі і абавязкова практыкуюцца ў абрадавых дзеях на палях сельгаспрадпрыемстваў падчас раённых свят “Засеўкі”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Купалле”. На працягу апошніх 48 гадоў манеру выканання “ў перахлёст” зберагаюць удзельніцы народнага фальклорнага ансамбля “Галасы спадчыны” Багатырскага сельскага Дома культуры.
Сялянская сям’я заснавальніцы гэтага калектыву Веры Пісюковай якраз і захавала каштоўную традыцыю, перадаваўшы яе з пакалення ў пакаленне. Дзядуля Веры Уладзіміраўны Ягор Корнеў быў добрым музыкам, іграў на скрыпцы і спяваў. Бабуля Марыя Корнева валодала прыгожым моцным голасам, разам з мужам спявала на ўсіх вясковых святах і вяселлях. Яны навучылі спяваць і сваю дачку Яўгенію Драздову, народжаную ў 1912 годзе ў в. Скавародзіна Юравічскага сельсавета Полацкага раёна, якая менавіта за цудоўны мілагучны голас была прынята ў нянькі да дзяцей знакамітага беларускага мастака Івана Хруцкага, каб навучаць іх песням.
Яўгенія Ягораўна ведала абрады, была завадатаркай усіх свят і спявала да апошняй хвіліны свайго жыцця. А потым яе пачэсную справу працягнула дачка Вера Пісюкова, якую называюць найярчэйшай зоркай на небасхіле фальклору Полаччыны. Сышлі з жыцця маці з дачкой, а манера спеву “ў перахлёст” працягвае жыць у творчасці ”Галасоў спадчыны“.
Самая старэйшая ўдзельніца Ларыса Рабцава спявае ў калектыве ўжо 43 гады. А самыя маленькія пераемнікі, як распавяла дырэктар Багатырскага СДК Алена Лукавіцкая, заўзята далучаюцца да песеннай спадчыны роднага краю з шасцігадовага ўзросту, наведваючы дзіцячыя фальклорныя ансамблі “Каласочкі” і “Лецейка”. На практычныя заняткі і майстар-класы па абмене вопытам да палачан штогод прыязджаюць выкладчыкі і студэнты ўстаноў адукацыі і культуры, музыканты і спевакі з Віцебска, Мінска, Гомеля і іншых рэгіёнаў Беларусі.
Нядаўна дэлегацыя Полаччыны паспяхова прадставіла манеру выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст” як адзін з найбольш архаічных варыянтаў беларускіх народных антыфонных спеваў на пасяджэнні навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ў Міністэрстве культуры. Эксперты адзначылі мастацкія якасці, якія робяць полацкую традыцыю арыгінальнай і непаўторнай, і аднагалосна падтрымалі рашэнне аб наданні ёй статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Шчыра віншуем землякоў і жадаем ім новых творчых здзяйсненняў!
Фота Ларысы Малашэні.