Больш за дзесяць гадоў у рамках міжнароднага фестывалю традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” праходзіць адкрыты конкурс харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”.
Сёлета пазмагацца за права называцца лепшым сабралася іх аж 22. Пятнадцаць прадстаўлялі Віцебшчыну, чатыры -- Тураў, Бабруйск, Мядзель, Масты, два – Белгарадскую і Ліпецкую вобласці РФ , таксама удзельнічаў мужчынскі хор з Астаны.
На суд журы, дзе сабраліся прафесіяналы на чале з выкладчыкам кафедры народнай песеннай творчасці і фальклора Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтва Паўлам Юхновічам, яны прадстаўлялі два рознажанравыя творы ў выкананні а-капела. Адна з песен па ўмовах конкурсу, павінна была быць прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны.
Адкрыць конкурс выпала камернаму хору Полацкага Палаца культуры. Выкананне песен “Утро туманное” і “Нактюрн” зачаравала залу. І гэта не дзіўна. Хор існуе 17 гадоў. У 2010 абараніў званне народнага. Як сказала яго кіраўніца Галіна Доўжык, музычную грамату ведаюць усе, и не раз іх калектыў станавіўся пераможцам Асамблеі.
Вакальна-харавыя калектывы змянялі адзін аднаго на сцэне ДК, многія ў мінулыя гады былі ў ліку пераможцаў ці прызераў. Таму саперніцтва паміж імі было вострым. І сёлета яны спадзяваліся выйграць конкурс хоць у адной з намінацый. Расіяне не выключэнне. Яўген Гузноеў і Дзмітрый Бародкін з Усмані, якія чакалі ў файе выхаду свайго заслужанага калектыву рускай песні на сцэну, прызнаваліся, што да ўзнагарод, якія ўжо маюць, хацелі б дабавіць і дыплом ад беларускіх арганізатараў Асамблеі. Іх надзеям пашчасціла збыцца. На радзіму вярталіся з гран-пры конкурсу. Дыпломамі 1, 2 i 3 ступені былі адзначаны яшчэ 6 калектываў.
Фото Аляксандр АЗЕРСКI