Традыцыйна на праваслаўнае Раство, 7 студзеня, усіх жыхароў Прыдзвіння запрасілі на народныя гулянні ў Культурна-гістарычны комплекс "Залатое кальцо Віцебска "Дзвіна".
Гасцей тут віталі па ўсіх канонах і традыцыях - з каляднымі спевамі, гульнямі і танцамі. Пачалося мерапрыемства са святочнага шэсця з удзелам Дзеда Мароза. Разам з імі пад каляднай зоркай прайшлі Каза, Мядзведзь, вікінгі і рыцары з клубаў гістарычнай рэканструкцыі «Нагльфар» і «Хальвіль», шмат казачных і міфалагічных персанажаў. Акрамя таго, усе, хто жадаў, маглі тут жа далучыцца да вясёлага каляровага натоўпу – дастаткова было апрануць маску альбо проста пачаць разам з калядоўшчыкамі спяваць і танчыць.
У гарадскіх умовах стваралі атмасферу сапраўднага свята ўдзельнікі клуба «Паўночная сухадроўка», якія прадэманстравалі традыцыйныя абрады і гульні. Народны ансамбль народнай песні «Сябрына» суправаджаў усе дзеі каляднымі спевамі, таксама была падрыхтавана спецыяльная праграма з разнастайнымі гульнямі каля калодзежа жаданняў і хараводамі вакол ёлкі.
У 15-градусны мароз сагрэцца можна было не толькі скокамі і танцамі: усіх гасцей арганізатары частавалі духмянай гарбатай і запрашалі да чырвонага чаравіка – такой незвычайнай формы на падворку была печ. У залах комплексу працавалі выставы «Казкі Раства» і «Ажурнае Раство», таксама можна было наведаць і шляхецкі салон, арганізаваны ўдзельнікамі клуба рэканструкцыі «Паўночная вежа».
Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.