Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Як помнікі і манументы з’яўляюцца на вуліцах Віцебска і ці ўсе можна увекавечыць?

За некалькі апошніх гадоў Віцебск узбагаціўся шэрагам помнікаў, дэкаратыўных скульптур і мемарыяльных дошак, якія прывабліваюць увагу жыхароў і турыстаў. З апошніх – помнік князю Аляксандру Неўскаму з жонкай віцебскай князёўнай Аляксандрай і сынам Васілём. Як тыя ці іншыя помнікі з’яўляюцца, хто можа выступіць з ініціятывай іх усталявання, мы пацікавіліся ў галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, сакратара абласнога савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, кандыдата гістарычных навук Дзяніса Юрчака (на фото знiзу).

O8

– На сённяшні дзень галоўным нарматыўна-прававым актам па данным аспекце з’яўляецца пастанова «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыi) i прыёмкi твораў манументальнага i манументальна-дэкаратыўнага мастацтва». Гэта асноўны дакумент, якім мы кіруемся, але ў бліжэйшы час ён будзе дапоўнены. З’явяцца дакладныя вызначэнні ўсіх відаў твораў, бо пакуль такія катэгорыі, як «помнік», «памятны знак», «мемарыяльная дошка» часта па-рознаму трактуюцца. Трэба адрозніваць ў першую чаргу манументальную скульптуру (мемарыяльныя ансамблі, помнікі, памятныя знакі, мемарыяльныя дошкі і інш.) і манументальна-дэкаратыўную. Апошняя накіравана на аздабленне архітэктурнай прасторы, ансамбляў, будынкаў. Гэта, напрыклад, скульптурныя кампазіцыі ў Віцебску «Дыялог» ля банка «БелВЭБ», «Сустрэча на вакзале» на чыгуначным вакзале, «Вулічны клоўн» на праспекце Фрунзэ ці «Кандуктар» ля трамвайнага дэпо.

– Але найбольш значнымі з’яўляюцца якраз манументальныя творы. Што можна сказаць пра іх?

– Да іх адносяцца маштабныя мемарыяльныя ансамблі, такія, як плошча Перамогі ў Віцебску, мемарыяльны комплекс «Прарыў» ва Ушацкім раёне, помнікі, якія прысвечаны гістарычнай падзеі ці вядомай асобе. Вельмі часта помнікамі памылкова называюць памятныя знакі. Яны адрозніваюцца тым, што не займаюць дамінуючага месца ў навакольнай прасторы, звычайна іх вышыня не перавышае 2 метраў. Памятныя знакі змяшчаюць не партрэтныя выявы канкрэтных людзей, а які-небудзь абстрактны вобраз. Акрамя таго, да манументальных твораў трэба адносіць бюсты, стэлы, абеліскі, мемарыяльныя дошкі.

2

– Хто можа выступіць з ініцыятывай стварэння твораў манументальнага мастацтва і куды трэба звяртацца з прапановамі?

– Стварэнне і ўстаноўка такіх твораў ажыццяўляецца па заказе дзяржаўных органаў, арганiзацый, грамадскiх аб’яднанняў i фiзiчных асоб. Першы крок стварэння любых манументальных аб’ектаў – атрыманне заключэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Калі гаворка вядзецца пра стварэнне мемарыяльных ансамбляў і помнікаў па ўсёй тэрыторыі дзяржавы, неабходна атрымаць узгадненне Прэзідэнта. Гэтае ж патрабаванне распаўсюджваецца на помнікі-бюсты, якія ўсталёўваюцца ў Мінску і абласных цэнтрах.

– Якая роля саветаў па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве?

– Яны даюць экспертныя заключэнні па мастацкіх вартасцях манументальных твораў, вывучаючы іх эскізныя праекты і мадэлі, распрацаваныя скульптарамі з улікам архітэктурнага асяроддзя. У склад абласнога савета на сённяшні дзень уваходзяць вядомыя скульптары, мастацтвазнаўцы, архітэктары, старшыня абласнога аддзялення Саюза мастакоў Беларусі, прадстаўнікі ўлады, устаноў культуры і адукацыі. Сярод іх ёсць доктар і чатыры кандыдаты навук. Створаныя без заключэння экспертнага савета творы з’яўляюцца незаконнымі і падлягаюць дэмантажу.

– Ці звяртаецца ўвага на гістарычнае значэнне той ці іншай асобы для рэспублікі, горада, калі прымаецца рашэнне пра ўсталяванне помніка?

– Безумоўна, бо адна з галоўных мэт стварэння помнікаў – увекавечванне памяцi пра найважнейшыя гiстарычныя i грамадскiя падзеі, выдатных асоб. Таму Міністэрства культуры ў першую чаргу вывучае даведку, якую прадстаўляюць мясцовыя ўлады, правяраюць і пры неабходнасці накіроўваюць запыт у Інстытут гісторыі Акадэміі навук.

ur

– Ці распаўсюджваецца заканадаўства на стварэнне надмагільных помнікаў? Бо на некаторых могілках часам з’ўляюцца сапраўдныя манументы…

– Калі гаворка вядзецца пра стварэнне надмагільных помнікаў вядомым грамадскім дзеячам, пісьменнікам, мастакам за кошт бюджэту ці сродкаў юрыдычных асоб і грамадскіх арганізацый, у гэтым выпадку неабходна атрымаць дазвол Міністэрства культуры, узгадніць усталяванне з Прэзідэнтам (для Мінска і абласных цэнтраў) ці аблвыканкамам (для раёнаў), а таксама прадставіць праект помніка мастацка-экспертнаму савету.

Калі помнікі ставяцца за кошт родных ці сяброў, ніякага ўзгаднення з органамі ўлады адносна знешняга выгляду не трэба. Выключэнне, калі помнік ўсталёўваецца на мемарыяльным комплексе ці могілкі прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

– Як часта нашы суайчыннікі звяртаюцца з ініцыятывамі стварэння твораў манументальнага мастацтва?

– Розных прапаноў шмат. Часам людзі пачынаюць актыўную перапіску з уладамі, каб паставіць помнік на магіле сваіх блізкіх за кошт бюджэтных сродкаў, што проста немагчыма. З’яўляюцца прапановы увекавечыць ваенныя падзеі. Напрыклад, паставіць памятны знак на месцы спаленай вёскі. Бываюць і іншыя прапановы. Напрыклад, была ініцыятыва паставіць ў Віцебску помнік Нестару Летапісцу. Пытаешся ў чалавека, чаму менавіта ў абласным цэнтры, але акрамя «мне так хочацца» іншых аргументаў не чуеш. Ці прапанова ўвекавечыць князя Вітаўта. Пра яго ролю ў гісторыі Беларусі таксама ніхто не спрачаецца, але ён двойчы браў у аблогу і штурмаваў Віцебск з выкарыстаннем гармат, падаўляючы супраціўленне Свідрыгайлы Альгердавіча, тым самым быў моцна пашкоджаны Верхні замак.

Пры унясенні прапаноў трэба ўлічваць, што для іх рэалізацыі неабходна фінансаванне, а таксама правядзенне конкурсаў праектаў, што таксама патрабуе дадатковых сродкаў і часу. Ды і наогул помнік павінен не толькі служыць гістарычнай памяці, але і ўпрыгожваць горад, выклікаць зацікаўленасць жыхароў і гасцей.

Фота Аляксандра КУТЫНКА, Дзмітрыя Осіпава і БелТА.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ