Меркаванні людзей будуць улічаны пры распрацоўцы законапраекта аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і адпаведны працэсуальна-выканаўчы дакумент.
У Міністэрстве ўнутраных спраў падведзены вынікі грамадскага абмеркавання пытанняў лібералізацыі адміністрацыйнага заканадаўства. Дадзеную ініцыятыву прапанавалі члены грамадскага савета пры МУС, і яе падтрымала кіраўніцтва ведамства. Заўвагі можна было пакідаць на афіцыйнай старонцы структуры ў інтэрнэце (http://mvd.gov.by/), дасылаць у электронным або пісьмовым выглядзе. Акрамя таго, на сайце арганізавалі апытанне сярод наведвальнікаў. Як і чакалася, узнятая тэма атрымала шырокі рэзананс.
— Для аналізу інфармацыі была створана рабочая група пад кіраўніцтвам намесніка міністра Аляксандра Кобрусева, — расказаў начальнік аддзялення грамадскіх сувязей і інфармацыі УУС аблвыканкама Андрэй Семяніхін. — Разам з каментарамі і ацэнкамі прапаноў, якія вынеслі на грамадскае абмеркаванне, грамадзяне агучвалі ўласныя ініцыятывы. Напрыклад, многія з іх тычыліся рэгулявання абароту насваю. У сувязі з гэтым МУС ужо сфармулявала папраўкі ў заканадаўства аб увядзенні адказнасці за захоўванне, ужыванне, перамяшчэнне і рэалізацыю некурыльных тытунёвых сумесяў.
Таксама прапануецца ўпарадкаваць тэрміны накладання адміністрацыйнага спагнання, змякчыць падыходы да вызначэння дробнага хуліганства, прадугледзець магчымасць вынясення вуснага папярэджання без пачатку адміністрацыйнага працэсу: пры адсутнасці ў вадзіцеляў пры сабе дакументаў, прадугледжаных правіламі, здзяйсненні пешаходамі шэрагу парушэнняў і г. д.
Удзел у галасаванні прыняла каля 60 тыс. чалавек. Адзінадушную падтрымку рэспандэнтаў атрымала прапанова не прыцягваць да адказнасці аўтаўладальнікаў за кіраванне транспартам без вадзіцельскага пасведчання (калі яно маецца, але забыта дома). Выступілі апытаныя і за больш памяркоўнае стаўленне да грамадзян, якія знаходзяцца ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Станоўча ацэнены ініцыятывы па павелічэнні з 400 еўра да 2 тысяч памеру нанесенай у выніку ДТЗ шкоды, калі ўдзельнікі здарэння маюць права не паведамляць пра яго ў ДАІ. Ажыўленую палеміку выклікалі тэмы змякчэння пакарання за пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы, знаходжанне на праезнай частцы ў цёмны час сутак без флікера і перавышэнне хуткасці да 20 км/ч.
— Прапановы па карэкціроўцы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях знаходзяцца ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў, дзе распрацоўваецца законапраект, — удакладніў Андрэй Семяніхін. — Пасля разгляду і ўзгаднення з усімі зацікаўленымі дзяржорганамі выніковы дакумент будзе накіраваны ў парламент.