Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

У Віцебску адбылася дыскусійная пляцоўка, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы

Беларуская мова стала адной з асноўных тэм сустрэчы моладзі і ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу. Невыпадкова: 21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Прадстаўнікі ўлады і БРСМ, кіраўнікі вну вобласці і майстры слова з Саюза пісьменнікаў Беларусі, студэнты і вучні казалі пра любоў да роднага слова падчас адкрытага дыялогу ў абласной бібліятэцы ім. Леніна. Прысутныя паразважалі, падыскусіравалі пра беларускую мову. І не гледзячы на тое, што ў кожнага з нас яна свая, усе сышліся ў адным: родная мова менавіта тая, якую чалавек увабраў з малаком маці, менавіта яе мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне.

Як адзначыў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, яго першая кніжкай, з якой пазнаёміўся ў маленстве, быў беларускі буквар.

– Першая мова, на якой я пачаў чытаць, беларуская, – прызнаўся Пётр Мікалаевіч. – Потым я скончыў беларускамоўную школу, а зараз размаўляю пераважна па-руску, таму што апынуўся ў такім асяроддзі. Але ў апошні час усё часцей заўважаю за сабой, што калі-некалі ўстаўляю беларускае слаўцо, бо няма яму адпаведнага па сакавітасці ў рускай мове.

А вось старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка падкрэсліла, што яе родная мова – руская, бо яна нарадзілася на Браншчыне і пераехала ў Беларусь ужо ў сталым узросце.

– Натуральна, што за гады жыцця тут я навучылася разумець, чытаць, а часам і размаўляць па-беларуску, хаця і не вельмі ўпэўнена. На днях мая дачка (жыве ў Мінску) падчас тэлефоннай размовы расказала, што ў дзіцячым садку, які наведвае ўнучка, раз у тыдзень будуць размаўляць толькі па-беларуску. Зразумела, што пакуль для дзяцей гэта гульня, але і яна вядзе да пазнання. Упэўнена, што толькі калі мова будзе выкарыстоўвацца з маленства, яна стане роднай.

На дыскусійнай пляцоўцы падымалі не мала пытанняў, але хочацца асобна выдзеліць праблему, з якой да спікераў звярнуўся першы сакратар Першамайскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Святаслаў Міхайлаў (дарэчы, ён быў дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу). Карыстаючыся выпадкам, мужчына адзначыў, што вельмі ганарыцца тым, што прадстаўляў моладзь Віцебшчыны на форуме і на свае вочы ўбачыў, што такое сапраўдная дэмакратыя. Ён упэўнены, што ўсе прапановы, з якімі дэлегаты прыехалі на сход, абавязкова ўвасобяцца ў жыццё на працягу пяцігодкі.

Але ж звернемся да пытання, якое ўзняў Святаслаў:

– Напэўна, праблему, пра якую буду гаварыць, неабходна адрасаваць Міністэрству адукацыі, але ж закрану яе і падчас адкрытага дыялога. Так, ва ўніверсітэце, дзе я вучыўся, гісторыю Беларусі выкладалі непасрэдна на беларускай мове, а калі прыйшоў працаваць у школу, аказалася, што падручнікі напісаны па-руску. Як вы лічыце, ці мэтазгодна гэта?

Дарэчы, падобнае пытанне ўзняла і член Савета Рэспублікі, дырэктар тэлерадыёкампаніі “Віцебск” Алена Панцюхова. Яна, каментыруючы сітуацыю, падкрэсліла, што калі сын паступіў у вну, яму прапанавалі выбраць мову навучання. Нягледзячы на тое, што ён скончыў рускамоўную школу, думае і размаўляе адпаведна па-руску, параіўшыся з маці, выбраў беларускую. На жаль, такіх студэнтаў былі адзінкі.

Тамара Краснова-Гусачэнка адзначыла, што пераход на беларускую мову можна зрабіць тэхнічна, гэта не вельмі складана, але і неэфектыўна. Па-першае, трэба зрабіць так, каб народу захацелася гаварыць пераважна па-беларуску.

Канешне ж, які с Міжнародны дзень роднай мовы без беларускай дыктоўкі? Ручкі і лісткі паперы выдалі. Шпаргалкі не забаранялі, тэлефоны здаваць ніхто не патрабаваў. Гэтую дыктоўку пішуць на сумленне. Для аўдыторыі быў абраны тэкст Янкі Сіпакова “Непаўторны край”, які прачытала загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі абласной бібліятэкі ім.Леніна Ларыса Рагачова. Па яе словах, тэкст сярэдні па ўзроўні цяжкасці і па аб’ёме.

– Перш за ўсё, кожны, хто прымае ўдзел у беларускай дыктоўцы, проста нагадае сабе пра свой узровень валодання беларускай мовай, – падкрэсліла Ларыса Іванаўна. – Не бойцеся памыліцца, кожны правярае свае працы сам. Многія з прысутных скончылі школу даволі даўно, але ў вас з’явілася цудоўная магчымасць узгадаць свае веды.

Фота Кацярыны ЛЯХОЎСКАЙ.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ