Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Туризм

Адкуль пачынаецца рака Віцьба. У вандроўку да вытокаў адправіўся карэспандэнт “ВВ”

Журналіст “ВВ” наведаў мясціны, дзе пачынаецца рака, якая дала назву паўночнай сталіцы.

Краіна мрой

Знайсці выток нашай знакавай воднай артэрыі марыў яшчэ з дзяцінства. Ды і не такі ўжо гэта далёкі свет: згодна з геаграфічнымі картамі даўжыня ракі ўсяго каля 30 кіламетраў. У школьныя гады нават заехаў у пошуках яе пачатку досыць далёка на ровары – за цяперашняе Варонаўскае кальцо. Але разумна вырашыў, што на двух колах да мэты не прабіцца. Да таго ж ва ўмовах тагачаснага дэфіцыту на тапаграфічную прадукцыю не меў падрабязнай карты, толькі гэтак званы план-схему.

Цяпер усё па-іншаму. Набыў у кнігарні альбо кіёску “Саюздруку” падрабязны атлас на любы густ – ды наперад.   Належу да тых людзей, якім толькі варта глянуць на карту – адразу цягне пабываць у гэтым месцы. Тым больш што наш край багаты на маляўнічыя краявіды!

На шырокі прастор

Каб паспець усё зрабіць у светлы час сутак, рушыў у паход, калі за акном яшчэ і не пачало днець. Канешне, дзеля чыстаты эксперыменту варта было б прайсціся ад вусця ўздоўж рэчышча, але гэта ўжо занадта энергазатратна, а я прынцыпова вырашыў не карыстацца грамадскім транспартам.

Як у самай доўгай ракі ў свеце ёсць два вытокі, Белы і Блакітны Ніл, так і ў найкарацейшай у нашым абласным цэнтры іх некалькі. Зусім не прэтэндую на навуковасць сваіх даследаванняў, таму шчыра прызнаюся, што з трох адгалінаванняў на карце абраў самы лёгкадаступны: у Варонаўскім сельсавеце Віцебскага раёна, недалёка ад вёскі Паддуб’е.

І не трэба бераг турэцкі

Найперш хочацца падзякаваць архітэктарам і будаўнікам, якія стварылі трасу ў лёзненскім накірунку. Ісці па ёй вельмі зручна, бо для падарожнікаў і веласіпедыстаў ёсць асобная дарожка.

А мясціны наўкола вельмі маляўнічыя, курортныя, з азёрамі, якія ў летнюю спёку прыцягваюць шматлікіх гараджан. Таму тут вёскі не зусім звыклыя, з сучаснымі будынкамі. Воранаўскі сельсавет актыўна праводзіць аўкцыёны па продажы зямельных надзелаў. Так, за паўтара года прададзена 17 участкаў. Таргі будуць працягвацца і надалей.

Маўклівае падарожжа

Мінусам адзіночных вандровак з’яўляецца тое, што няма з кім пагутарыць. Пакуль дайшоў да павароту з шашы на Паддуб’е ў Варонах, стала крыху самотна без элементарнай чалавечай размовы. Нарэшце сустрэўся гаваркі чалавек – пастух Юрый. Сам ён з Багушэўска, але жыве ў доме-інтэрнаце для састарэлых ды інвалідаў, дзе пасвіць кароў. Па словах субяседніка, ва ўстанове ўсё добра, уключаючы харчаванне, вось толькі няма натуральнай кавы, па якой ён сумуе. Пагутарыўшы, развітаўся і пакрочыў далей.

Непераможаны “захопнік”

Сапраўдная экалагічная праблема гэтых мясцін баршчэўнік Сасноўскага, які мае ўласцівасць хутка распаўсюджвацца. Прынамсі, усе ўзбочыны дарог, ускрайкі палёў, сенажацяў, прысядзібных участкаў ды няўдобіц, дзе даводзілася рушыць, падуладны гэтай пошасці. Аднак гаспадары не сядзяць склаўшы рукі –змагаюцца з пустазеллем, як могуць.

Два гады таму ў сельсавеце стварылі прадпрыемства “Вароны-сервіс”, якое, акрамя іншых клопатаў, у цёплы сезон знішчае баршчэўнік усімі даступнымі метадамі: спачатку гербіцыдамі, а потым механічным спосабам. Колькі дзясяткаў гектараў скасілі і сёлета, але ўсё адно “плантацыі” гэтага зялёнага агрэсара ўражваюць.

Усё па-строгаму

У вёсцы Астране сустрэў зусім нечаканую для сельскай мясцовасці шыльду ля дарогі з інфармацыяй пра тое, што тут забаронены выгул сабак і піццё алкагольных напояў. Моцна здзівіўся, і міжволі фантазія нарадзіла карцінку, як мясцовыя бабулькі, крадучыся, выгульваюць тут сваіх Тузікаў ды Бобікаў. А там-сям, хаваючыся ў хмызняку, сустракаюцца кампаніі выпівох, якім не знайшлося дзеля гэткай патрэбы іншага месца.

Апрача вышэйзгаданай шыльды, думку пра тое, што тут жыве сапраўды дасціпны народ, пацвердзілі незвычайныя артэфакты на дрэвах ля ўзбочын гасцінца. То металічны бак, невядома якім чынам замацаваны вакол ствала, то ўсемагчымая тара для напояў і нават вешалка для вопраткі. Дзіва што! Аднак гэта ўсё жарты, бо нельга так засмечваць родны край.

Зсім не страшна

А наперадзе была таямнічая вёска Цішкава, міма якой не мог не прайсці. Дарэчы, ад Астранаў да яе вядзе сапраўдная асфальтавая дарога, што рэдкасць.

Гэтая мясціна не дае супакою айчынным уфолагам. Калі верыць гэтым “паважаным спецыялістам”, тут і НЛА заўважалі, і іншыя паранармальныя з’явы з палтэргейстамі. Ды і вядомыя па ўсёй Беларусі гісторыі пра цэрквы, што некалі праваліліся пад зямлю ў прадонне, і тут існуюць. Карацей кажучы, сапраўдная анамальная зона.

Ды што ўфолагі, калісьці нават прэса  пісала пра містычную гісторыю, калі забавы групы мясцовых падлеткаў прывялі да з’яўлення прывідаў палеглых у час вайны, якія паўсталі з магіл. Каб супакоіць здані, прыйшлося выклікаць з віцебскага катэдральнага сабора святара, які здзейсніў неабходныя абрады на лясных кладах для заспакаення духаў і асвяціў некаторыя хаты.

Прызнаюся, што да нячысцікаў стаўлюся без патрэбнай павагі, хутчэй з гумарам. Калі яны і існуюць, дык, напэўна, у нас саміх. Як ні было крыўдна, але я ніякіх тагасветных сіл не ўбачыў. Толькі сяльчане мірна корпаліся ў сваіх гародах, капаючы бульбу, і адцягваць іх ад мірнай працы я не стаў. Адзіны сустрэты па дарозе вясковец упэўнена заявіў, што “зараз чарцей няма”. І я мусіў з ім пагадзіцца. Там такая добрая аўра, дагледжаныя сядзібы, усё патанае ў кветках, і  проста не верыцца, што нешта страшнае і звышнатуральнае захоча сюды завітаць.

Вось яно!            

У свой час меліярацыйныя работы прывялі да таго, што Віцьба заняпала: не стала балот, што жывілі яе неабходнай вільгаццю. І толькі ў самім горадзе інжынерам-будаўнікам з дапамогай гідратэхнічных збудаванняў удалося хаця б візуальна яе пашырыць, стварыўшы цудоўную зону адпачынку.

А “свой” выток я ўсё ж такі знайшоў, заглыбіўшыся ў лес непадалёк ад садаводчага таварыства. Вузенькі, з жабіны прыгаршчы. У яго няма нават дастатковай моцы, каб цекчы. Свайму турыстычнаму маршруту, калі не лічыць адлегласці, я бы даў нізкую катэгорыю складанасці. А час, за які яго прайсці, кожны мусіць вызначыць для сябе сам. Можна стрымгалоў прамчацца на ровары альбо нетаропка рушыць з добрай кампаніяй і ў фінале адпачыць на лоне прыроды.

А можа, Горнаўка?

Адным з прытокаў Віцьбы з’яўляецца рэчка Горнаўка. З іроніяй міжволі падумалася, што ў пракаветныя часы, калі б кола гісторыі пайшло іншым чынам, менавіта яна была б дамінуючай, і тады, хто ведае, мы маглі б жыць не ў Віцебску, а ў Горнаўску. Але гэта, вядома ж, жартачкі. Тым больш што Горнаўка нягледзечы на нядаўнія дажджы сустрэла мяне перасохлым рэчышчам: засталіся толькі адасобленыя лужынкі.

Не праходзьце міма!

Ёсць добрыя прыклады, як адзначаць вытокі памятнымі знакамі. Адразу згадваюцца Докшыцы, дзе ў гонар Бярэзіны стаіць альтанка. Не так даўно адпаведная памятка з’явілася і ля вайсковай часці на праспекце Фрунзэ, дзе пачынае свой шлях ручай з паэтычным найменнем Дунай. Можна ўладкаваць адпаведным чынам і пачатак Віцьбы. А ці не пекна гучала б і назва якой-небудзь аграсядзібы – “Ля вытокаў”?

Фота Алеся БЫНЬКОВА.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ