— Каб пракарміць сваю сям’ю, дастаткова 15 гектараў зямлі. А каб мець прадукцыю на продаж, патрэбна яшчэ 15, — тлумачыў эканоміку фермерскай гаспадаркі Міхаіл Ставінскі з Міёршчыны (на фота). — Вось гэтыя 30 га і маю ў пажыццёвым карыстанні, як і мой дзед, пісарчук штаба расійскай арміі, які купіў у гэтым краі два хутары ў пачатку ХХ стагоддзя.
Калі на тутэйшых землях пачалася калектывізацыя, Ставінскія аднымі з першых уступілі ў калгас, аддалі ўсё, што мелі. Як памяць пра тую пару ў канцы двара захаваўся вялікі, яшчэ дыхтоўны хлеў, які быў першай фермай калектыўнай гаспадаркі. Цяпер ён зноў ва ўласнасці Ставінскіх, як і зямля, некалі купленая дзедам.
Бацька Міхаіла — Барыс Ставінскі з пачаткам перабудовы стаў першым фермерам на Міёршчыне. У 1991 годзе, калі толькі загаварылі пра адраджэнне фермерства, ён пачаў аббіваць парогі ўстаноў з просьбай выдзеліць яму зямлю для вядзення прыватнай гаспадаркі. Вядома, на яго паглядалі як на дзівака, які ў 72 гады браўся за фермерства. Але зямлю, якую прасіў, выдзелілі. Так у Стайках, што ў 20 км ад райцэнтра, з’явілася фермерская гаспадарка, якая спраўна працуе да сённяшняга дня. Праўда, з 2002-га яе гаспадар Міхаіл Ставінскі.
Цікавіцеся, што паспеў зрабіць у свае гады бацька? Галоўнае: навучыў мяне, як адносіцца да зямлі, працаваць на ёй, быць гаспадаром, а не дачаснікам. Усё, што ўмею, яго навука.
А ўмее Міхаіл Барысавіч, мяркуючы па гаспадарцы, многае. У яго поўны парк тэхнікі для вядзення земляробства. Набытыя 25 гадоў назад гусенічны трактар, сеялка, камбайн, іншы прычапны інвентар спраўна служаць і сёння. Фермер сам іх даглядае, сам на іх працуе. А каб быць у курсе сучасных накірункаў, штурмуе інтэрнэт, вывучае новыя агратэхнічныя прыёмы, гатункі насення збожжавых.
На падвор’і работы хапае. Збажыну сее ў асноўным на ўласныя патрэбы. Але ў гады, калі мае добры намалот, прадае зерне на мясцовы камбікормавы завод. Пры рэалізацыі лішкаў іншай прадукцыі таксама аддае перавагу дзяржаўным арганізацыям. Малако – на малаказавод, мяса – на мясакамбінат.
У гаспадарцы фермера цяпер шэсць дойных кароў, малако ад якіх прадае дзяржаве. На спецыяльным стале ў двары налічыла чатыры вядры і два бітоны, посуду літраў на 50.
— Летам будзе больш, — удакладніў Міхаіл Барысавіч. — Малако – гэта добрае папаўненне сямейнага бюджэту. Але цяпер у хляве цяляткі. Каровы ж не надта ўдойныя, праўда, малако даюць тлустае. Па гэтай прычыне пакуль не мяняю статка.
— А як з кармамі? — пытаюся.
— З запасам. З 30 гектараў пад збожжавымі каля дзесяці. Саджу яшчэ бульбу, гародніну. Астатнія – паша і сенажаці. Не будзеш ленавацца, сена накосіш. Акрамя кароў, у мяне ёсць і адкормачнікі. Прыплод гадую ў асноўным на мяса. Сабе ялавічыны многа не патрэбна, таму штогод здаю на мясакамбінат 4 — 5 галоў. А для сябе трымаю яшчэ авечак, свіней, кур.
Ёсць у фермера і свая пасека. З вулля, кажа Міхаіл Барысавіч, адкачвае да 40 кг найкаштоўнейшага прадукту. Праблем са збытам не мае. Добрая слава пра мёд ад Ставінскага разышлася далёка. За ім прыязджаюць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Расіі і нават Прыбалтыкі.
У гэтай гаспадарцы ёсць амаль усё для аўтаномнага жыцця. Невялікі машынна-трактарны парк, запас паліва для яго работы, цяплічка, агарод, пасека, хлявы з прыпасамі, жывёла, свая піларама. Амаль што з дома можна закінуць вуду ў Дзвіну. Месца прыгожае, дзе, здаецца, трапляеш у пачатак мінулага стагоддзя. Такое ўражанне ўзнікае ад архітэктуры дома, якому, кажа гаспадар, ужо больш за 100 гадоў, уладкавання двара, няспешлівых разважанняў гаспадара пра жыццё, пра тое, што гэта зямля корміць ужо не адно пакаленне Ставінскіх.
Далёка наперад фермер не зазірае. Хоць у свае 53 гады выглядае значна маладзей. Высокі, хударлявы, з бляскам у вачах, ён яшчэ гатовы звярнуць горы. Але ў душы не-не і ўзнікае трывожнае пытанне: ці будзе каму прадоўжыць яго справу?
Дачка вывучылася на доктара і жыве далёка ад дому. Сын добры памочнік, але пакуль не мае спадарожніцы ў жыцці. А знойдзе, ці будзе яна яму такой жа надзейнай апорай, як яго жонка Зінаіда Іванаўна. Ці захоча жыць у гэтым прыгожым кутку. Таму, як некалі яго бацька, цяпер ён імкнецца дапамагчы сыну адчуць соль зямлі, радасць ад урадлівай нівы, ад кругавароту прыроды, ад таго, што ты — руплівы гаспадар, сейбіт і жнец. Сее зерне жыцця і чакае ўсходаў.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ