У нядзелю, 30 мая, калектыў ААТ «Полацк-Шкловалакно» адзначае сваё прафесійнае свята — Дзень хіміка.
На ўрачыстасці з гэтай нагоды адбылося ўшанаванне лепшых працаўнікоў завода. Сярод іх віншаванні з заслужанай узнагародай прымаў памочнік майстра Юрый Глаздоўскі. Яму як прафесіяналу вышэйшага ўзроўню быў уручаны знак «Ганаровы хімік».
З Юрыем Валянцінавічам мы сустрэліся напярэдадні гэтай падзеі. Спачатку завіталі ў музей прадпрыемства, дзе лепш за ўсё дзяліцца ўспамінамі, а потым – у цэх. Яго заводская біяграфія пачалася ў 1986 годзе, калі ён уладкаваўся на Полацкі завод шкловалакна аператарам па атрыманні бесперапыннага шкловалакна.
— Па першым часе праца падалася вельмі цяжкай – у цэхе спякотна, кольца заправачныя рвуцца, рукі ў шкле… Але, калі набываўся вопыт, станавілася лягчэй, — распавядае Юрый Валянцінавіч. – Праз некаторы час вырашыў прыслухацца да парады начальніка змены і без адрыву ад вытворчасці асвоіць прафесію памочніка майстра.
Пасля рабочых змен і ў выхадныя дні трэба было на працягу некалькіх месяцаў хадзіць на заняткі, пісаць канспекты, а потым здаваць іспыты. Але атрыманая прафесія хутка аказалася запатрабаванай.
У цяперашні час Юрый Глаздоўскі — памочнік майстра змены №1 цэха №12 вытворчасці бесперапыннага шкловалакна. Выпуск якаснай прадукцыі, забеспячэнне бесперапыннага працэса вытворчасці, ліквідацыя непаладак і падтрымка спрыяльнага псіхалагічнага мікраклімату ў змене – усе гэтыя задачы штодзень вырашае памочнік майстра. І Юрый Глаздоўскі – гонар свайго завода — робіць гэта на выдатна! Ён шчыра ўпэўнены, што і з працай, і з калектывам яму пашанцавала. «Мне заўсёды ўсе дапамагалі. І я радуюся за калег, за іх працоўныя поспехі і прыемныя падзеі ў іх асабістым жыцці, — кажа ён. І ўзгадвае, як падрастала яго сям’я, як будавалі жыллё і як завод дапамог у гэтай справе.
— У наша прафесійнае свята жадаю ўсім работнікам прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно» і калегам-хімікам здароўя, бо яно аснова жыцця, неабходная для працоўных дасягненняў, самаразвіцця і для таго, каб спраўдзіліся мары. Заўсёды трэба імкнуцца да новых ведаў і ставіць сабе ўсё новыя мэты, — віншуе калег Юрый Валянцінавіч.
Фота Аксаны Шуйскай.